Рус Бел Eng 中文

Кампанія «Омск Карбон Магілёў» выпусціць першую прадукцыю ў кастрычніку

ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» плануе ў кастрычніку ўвесці ў строй першую тэхналагічную лінію вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў СЭЗ «Магілёў». Пра гэта паведаміў сёння дырэктар прадпрыемства Мікалай Крывіцкі падчас сустрэчы з паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам.

На сённяшні дзень завершаны ўсе будаўнічыя і мантажныя работы, вядзецца пуска-наладка тэхналагічнага абсталявання. «У кастрычніку мы плануем атрымаць тут першую прадукцыю, а у 2019 годзе – выйсці на праектную магутнасць па вытворчасці 40 тыс. т тэхнічнага вугляроду ў год», – адзначыў Мікалай Крывіцкі.

У рэалізацыю праекта інвеставана ўжо больш за $ 60 млн, створана каля 200 працоўных месцаў. У 2019 годзе тут маюць намер прыступіць да будаўніцтва другой тэхналагічнай лініі вытворчасці тэхнічнага вугляроду, а завяршыць рэалізацыю інвестпраекта плануецца да снежня 2020 года. Усяго на прадпрыемстве маюць намер стварыць 500 працоўных месцаў.

Як сёння было адзначана, актуальнасць праекта тлумачыцца адсутнасцю аналагічнай вытворчасці ў Беларусі, а таксама неабходнасцю забеспячэння адным з асноўных відаў сыравіны найбуйнейшага вытворцы шын у Еўропе – бабруйскую «Белшыну». Астатнюю прадукцыю прадпрыемства плануе экспартаваць у асноўным у краіны ЕС і Расію. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць забяспечыць стварэнне імпартазамяшчальнай вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі, павялічыць экспарт і паступленне валютных сродкаў у краіну.

Падчас рабочай нарады кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў расказаў аб планах стварэння ў СЭЗ «Магілёў» навукова-тэхналагічнага цэнтра вывучэння тэхнічнага вугляроду з мэтай распрацоўкі інавацыйных тэхналогій і тэхнікі для вытворчасці новых марак тэхнічнага вугляроду, а таксама кампазіцыйных матэрыялаў і іншых вырабаў на яго аснове.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая