Рус Бел Eng 中文

Карагодамі, абрадамі і стравамі традыцыйнай рэгіянальнай кухні адзначаць свята «Зялёныя святкі» ў Чавускім раёне

VI Міжрэгіянальнае свята-конкурс «Зялёныя святкі» пройдзе 27 мая на крыніцах «Байкова» Чавускага раёна. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Адкрые фестываль аднайменная праграма, якую прадставіць Дужаўскі сельскі Дом народнай творчасці. Пасля пачнецца конкурс рэгіянальных карагодаў і гульнявых момантаў абраду «Кумленне». Свае выступленні прадэманструе восем аматарскіх творчых калектываў з Магілёўскага, Крычаўскага, Чэрыкаўскага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў. Найлепшых узнагародзяць дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Прадугледжаны ўзнагароды ў спецыяльных намінацыях: «Захаванне і развіццё традыцый мясцовага напрамку», «Пераемнікі традыцый», «Традыцыйны рэгіянальны пачастунак».

На свяце будзе працаваць выстава-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Свае працы прывязуць рамеснікі з Крычава, Чэрыкава, Бабруйска, Круглага, Магілёва і Чавусаў. Гасцей мерапрыемства таксама запросяць пачаставацца стравамі традыцыйнай кухні, пацешыцца на спартыўных і дзіцячых пляцоўках. Падчас мерапрыемства адбудзецца асвячэнне крыніц, пасля чаго кожны зможа набраць крынічнай вады і акунуцца ў купель «для ачышчэння цела і духу». Завершыцца фестываль канцэртам вядучых калектываў раёна.

Для жадаючых наведаць свята ў 10.00 ад аўтастанцыі ў Чавусах адправіцца аўтобус па маршруце Чавусы – Байкова– Чавусы. Назад ён выязджае ў 16.00.

Свята «Зялёныя святкі» заснавана на нацыянальных традыцыях. Здаўна на Беларусі ў канцы мая – пачатку чэрвеня праводзіцца цыкл абрадаў, прымеркаваных да народнага свята Тройца (Сёмуха). У гэты дзень беларусы вітаюць росквіт прыроды карагодамі, песнямі, танцамі і варажбой. Галоўным атрыбутам свята з’яўляюцца бярозавыя галінкі – сімвал жыцця – і першыя кветкі.

Мерапрыемства праводзіцца штогод з 2013 года з мэтай адраджэння, захавання самабытнай фальклорнай культуры, традыцый рэгіянальнага характару, іх папулярызацыі і актуалізацыі ў сучасным грамадстве, а таксама далучэння новага пакалення да традыцыйнай культуры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая