Кожны трэці жыхар Магілёўскай вобласці прышчапіўся ад грыпу. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла загадчык аддзела эпідэміялогіі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
На пачатак тыдня ў рэгіёне было вакцынавана каля 360 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 105 тыс.дзяцей і 1,2 тыс. цяжарных.
Кампанія імунізацыі супраць грыпу працягваецца. «На сённяшні дзень захворванне на ВРІ знаходзіцца на ўзроўні, характэрным для бягучага каляндарнага тыдня, вірусы грыпу не цыркулююць і эпідэміялагічная сітуацыя з’яўляецца спрыяльнай для правядзення прафілактычных прышчэпак», – падкрэсліла Наталля Марозава.
Імунізацыя праводзіцца ў паліклініках па месцы жыхарства, вучобы і працы. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў праводзіцца вакцынацыя сярод навучэнцаў і студэнтаў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, школьнікаў і дзяцей, якія наведваюць дашкольныя ўстановы, а таксама сярод педагогаў і выхавальнікаў школ і дзіцячых садоў. «Мэта вакцынацыі – не поўная ліквідацыя грыпу як інфекцыі, а зніжэнне захворвання і асабліва яго ўскладненняў, памяншэнне колькасці абвастрэнняў і абцяжарванняў сардэчна- сасудзістых, лёгачных захворванняў і іншай хранічнай паталогіі», – удакладніла Наталля Марозава.
Лепш за ўсё прышчэплівацца ад грыпу восенню ў кастрычніку-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ, адзначыла субяседніца. На працягу наступных 2-3 тыдняў фарміруюцца антыцелы, якія забяспечваюць абарону на 6-12 месяцаў, затым яны разбураюцца.
«Сёлета для імунізацыі супраць грыпу выкарыстоўваецца расійская вакцына «Грыпол плюс», французская «Ваксігрып» і вырабленая ў Нідэрландах «Інфлювак». Усе супрацьгрыпозныя лекі зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, маюць вопыт прымянення не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, – падкрэсліла суразмоўца. – Для бясплатнай імунізацыі насельніцтва з груп рызыкі ў рэгіён паступіла вакцына «Грыпол плюс»».
Наколькі надзейная абарона выпрацуецца пасля вакцынацыі, залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад узросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцяў і г.д. Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэе на грып. Калі ўсё ж прышчэплены чалавек і захварэе, то сімптомы будуць працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.
Вірусы грыпу мутуюць з году ў год, таму неабходна штогадовая вакцынацыя супраць грыпу, каб прадухіліць хваробу. «Увядзенне ў арганізм лекаў не можа выклікаць захворванне, але шляхам выпрацоўкі ахоўных антыцелаў адбываецца стымуляванне імуннай сістэмы для барацьбы з інфекцыяй, – сказала Наталля Марозава. – Вакцына супраць грыпу прызначана для абароны менавіта ад вірусаў грыпу, але ў той жа час яна дазваляе атрымаць яшчэ і крыжаваны імунітэт ад іншых вострых рэспіраторных інфекцый».
СААЗ рэкамендуе штогод прывіваць ад грыпу групы рызыкі: людзей старэйшых за 65 гадоў, дзяцей ад 6 месяцаў, пры наяўнасці хранічнай паталогіі – у любым узросце. Да груп высокай рызыкі інфікавання таксама належаць школьнікі і навучэнцы сярэдніх спецыялізаваных навучальных устаноў, медыцынскі персанал лячэбных устаноў; работнікі транспарту, навучальных устаноў і сферы абслугоўвання і іншыя людзі, якія маюць шматлікія вытворчыя кантакты. Асаблівую групу рызыкі складаюць цяжарныя жанчыны.
Кожны з нас шукае адказ на пытанне: «Ці прышчапляцца менавіта мне, майму дзіцяці?»Многія лічаць, што яны прыходзяць дадому, зачыняюць дзверы і гэтым надзейна адгароджваюцца ад усіх праблем. Мала хто задумваецца аб тым, што эпідэмія любога захворвання тычыцца ўсіх і кожнага. «Вакцынацыя заўсёды была справай масавай, бо яна мае сэнс толькі толькі тады, калі імунітэт супраць захворвання ёсць у большай частцы насельніцтва. Такім чынам, узбуджальнік пазбаўляецца «асновы» для распаўсюджвання», – падкрэсліла Наталля Марозава.
Ад многіх можна пачуць, што «прышчэпка ад грыпу мне не патрэбна, яна толькі для маленькіх дзяцей, аслабленых хворых ды старых. А я дарослы здаровы чалавек з моцным імунітэтам, ну пахварэю тыдзень, нічога са мной не здарыцца». Як паказала статыстыка апошніх гадоў, менавіта ў маладых і здаровых грып Н1N1 выклікаў цяжкія ўскладненні. Акрамя таго, грып – гэта рэспіраторнае захворванне, якое перадаецца ад чалавека да чалавека практычна імгненна.
Каб атрымаць максімальны вынік у межах сваёй сям’і, трэба прышчапіць усіх яе членаў, уключаючы дзяцей, старэйшых за 6 месяцаў. Тое ж самае тычыцца і працоўных калектываў.
Рашэнне за дзіця адносна неабавязковых прышчэпак прымаюць бацькі. «Рабіце гэта ўзважана, – сказала Наталля Марозава. – І ў любым выпадку навучыце дзіцяці кашляць і чхаць, прыкрываючы рот рукой, выдайце яму аднаразовыя сурвэткі замест тканкавай хусткі, прызвычайце часцей мыць рукі і не дакранацца рукамі да твару».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.12.2019 - 09:24
Рэканструкцыю Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы плануюць завяршыць у 2020 годзе
03.12.2019 - 14:57
Запаўняльнасць санаторыяў Магілёўшчыны працягвае расці, у тым ліку за кошт замежных гасцей
28.11.2019 - 09:56
У Магілёўскай паліклініцы № 6 для дыягностыкі выкарыстоўваюць новы імунахемілюмінесцэнтны аналізатар
25.11.2019 - 10:29
Эпідэміёлагі расказалі пра асаблівасці сёлетняга сезона ВРВІ і грыпу
14.11.2019 - 16:23
Шматфункцыянальны корпус могуць пабудаваць на тэрыторыі Магілёўскай гарадской бальніцы ХМД
12.11.2019 - 09:15
Акцыя па прафілактыцы энтэрабіёзу пройдзе ў Магілёўскай вобласці