Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадставілі два праекты праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Аб гэтым было заяўлена на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб дапрацоўцы адпаведнай праграмы.
Саветам Міністраў з зацікаўленымі прадстаўлены праект праграмы пяцігодкі, які змяшчае пяць прыярытэтаў. «Далей, як дакладвае ўрад, ён разгорнуты, канкрэтызаваны ў адпаведных праектах дзяржпраграм, рэгіянальных планаў і мэтавых індыкатараў», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Але, як кажуць, адна галава добра, а дзве - лепш. Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу выказалі жаданне актыўна паўдзельнічаць у дапрацоўцы дакумента. Я такую ініцыятыву падтрымаў, даручыў прыцягнуць да гэтай работы нашых вядучых эканамістаў і людзей, якія выкажуць сваё меркаванне. Рабочая група з ліку дэлегатаў, якія маюць значны вопыт і кампетэнцыі ў розных сферах, створана. Яе ўзначаліў старшыня праўлення Нацыянальнага банка, учарашні прэм'ер-міністр (Раман Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА)», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як было даложана кіраўніку дзяржавы, рабочая група ва ўзаемадзеянні з урадам сфарміравала абноўлены праект праграмы, але ўжо з васьмі прыярытэтаў.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў шэраг пытанняў да актуалізаванай версіі.
Аб змястоўнасці раздзелаў
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прапанаваныя індыкатары (заданні) - гэта своеасаблівыя абавязацельствы перад людзьмі. Значыць, яны павінны быць падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі (задачамі) і, самае галоўнае, фінансаваннем.
Аб абгрунтаванасці і ўзаемазвязанасці алічбаваных заданняў
«Напрыклад, істотны міграцыйны прырост (недзе мы аж запісалі лічбу 100 тыс. чалавек). Ці сведчыць гэта аб тым, што мы не можам развіць унутраны працоўны патэнцыял і ўзяць нарэшце пад кантроль рацыянальнае размяшчэнне прадукцыйных сіл раўнамерна па ўсёй краіне? А гэта трэба рабіць. І пачынаць, я ўжо шмат разоў гаварыў, трэба з жылля - будаваць жыллё там, дзе гэта патрэбна для эканомікі», - сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Больш таго, якія катэгорыі мігрантаў уваходзяць у гэту колькасць? Нагадваю, у нас прынята вельмі жорсткае заканадаўства аб іх прыцягненні ў краіну. Гэтага патрабавалі нашы людзі, абяцаючы, што прадукцыйнасць працы будзе значна вышэйшая», - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Але, скажу вам шчыра, праляцеўшы паўкраіны за гэтыя святочныя дні, я ўбачыў, што нашы людзі ўмеюць працаваць. Нават у Гомельскай вобласці (не перахваліць бы Івана Крупко) прыдрацца няма да чаго, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі мы ўзяліся за Палессе, яго трэба прывесці ў нармальны стан, як гэта ў лепшых гаспадарках у палешукоў. Нядрэнна працуюць. Гэта сведчыць аб тым, што зразумелі, што лепш працаваць на трактары, чым ваяваць, як у суседняй Украіне. Але трэба ўсё гэта давесці да ладу».
Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна звяртаў увагу на нарадзе па прагнозе развіцця на 2026 год, што калі нехта прапануе больш напружаныя мэтавыя заданні, то ён за гэта. «Але ўмела абгрунтуйце падыходы. Не проста: «Вось, мала, давайце больш!». Усё павінна быць абгрунтавана і фінансава падлічана. Але і заніжаць нельга», - арыентуе кіраўнік дзяржавы.
Аб уключэнні ў праект праграмы прыярытэту па ўмацаванні абараназдольнасці
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры ўсёй архіважнасці гэта тэма мае сваю спецыфіку, адносіцца да ваеннай палітыкі, стратэгіі і абароны: «Па сутнасці, гэта пра неабходны контур бяспекі, які забяспечвае мірнае і спакойнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны».
«Калі чалавек не будзе адчуваць за спінай ваенную моц, цяжка будзе гаварыць аб эканоміцы. Таму логіка нібыта ў сувязі з падзеямі, якія развіваюцца за межамі нашай краіны, ёсць. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што гэта асобнае пытанне - пытанне нацыянальнай бяспекі, якое мы разглядалі», - заўважыў беларускі лідар.
Аб адсутнасці кансэнсусу
Аляксандр Лукашэнка назваў гэты пункт важным, канстатаваўшы адсутнасць кансэнсусу паміж рабочай групай і ўрадам.
«У выніку сёння на маім стале два варыянты праграмы. Савет Міністраў дакладвае, што ўключыў у сваю версію ўсе свежыя і карысныя прапановы групы. Яе змест на 90 працэнтаў такі ж, толькі форма іншая - гэта меркаванне ўрада, - сказаў Прэзідэнт. - У сваю чаргу Нацыянальны банк (аснову гэтай рабочай групы спецыялісты Нацбанка складаюць) запэўнівае, што ён гатовы збліжацца з урадам толькі на базе сваёй версіі дакумента».
«З аднаго боку, добра, што ёсць некалькі меркаванняў у цэлым па дакуменце. З іншага, трэба падыходзіць да адзінага варыянта. Не будзем жа мы выносіць на УНС два дакументы і патрабаваць ад дэлегатаў: «Давайце, выкажыце сваё меркаванне!». Яны будуць выказваць, тыдзень будзем сядзець, слухаць... Можа, у абласцях збяруцца, выпрацуюць адзіны пункт гледжання. Але ўсё ж такі пажадана мець адзіную праграму. Людзям патрэбны рэалістычны, канкрэтны, зразумелы для кожнага не толькі дэлегата, але і грамадзяніна нашай краіны дакумент», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Праведзены ўжо шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў, абмеркаванняў, былі запушчаны пляцоўкі для збору народных прапаноў. Атрымана 70 тыс. водгукаў. «Таму трэба адказаць на пытанне, якімі сябе бачаць беларусы і якой беларусы бачаць сваю краіну», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Плануецца, што па выніках нарады з улікам агульнага меркавання ўрад дапрацуе праект праграмы, каб яго прадставіць на разгляд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.11.2025 - 13:20
«Вамі ганарыцца краіна!» Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды заслужаным аграрыям Беларусі
04.11.2025 - 10:39
03.11.2025 - 12:53
Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя параметры развіцця Беларусі на 2026 год
31.10.2025 - 17:49