Рус Бел Eng 中文

Лясгасы Магілёўскай вобласці плануюць нарыхтаваць у гэтым сезоне больш за 2,2 тыс. т бярозавіку

Лясгасы Магілёўскай вобласці плануюць нарыхтаваць у гэтым сезоне больш за 2,2 тыс. т. бярозавага соку. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Магілёўскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання Васіль Шык.

Па словах суразмоўцы, у рэгіёне ўжо пачалі нарыхтоўку вітамінавага прадукту. Так, Асіповіцкі лясгас на сённяшні дзень сабраў 54 т. соку, Бабруйскі – 40 т, Бялыніцкі – 12 т.

Большую частку «бярозавіку» – 2 тыс. т. – маюць намер рэалізаваць перапрацоўчым прадпрыемствам Прыдняпроўскага краю. Пастаўляць яго на СТАА «Аазіс Груп» (г. Бабруйск), Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод і Кіраўскі кансервавы завод будуць самыя блізкія па месцы размяшчэння лясгасы. Пытанне аб закупцы соку Асіповіцкім кансервавым заводам знаходзіцца ў стадыі разгляду.

«У гэтым годзе для продажу насельніцтву лясгасы падрыхтуюць 250 т. бярозавіку, – распавёў Васіль Шык. – Пункты яго рэалізацыі будуць адкрыты ва ўсіх гарадах і раёнах Магілёўшчыны. Напрыклад, бабруйчане ўжо пачалі купляць гаючы напой. На сённяшні дзень разышлося 500 л. соку».

Кошт «бярозавіку» ў гэтым годзе ў лясніцтвах з месца нарыхтоўкі складзе Br 0,18 за 1 л., падвозам у лясгас – Br 0,30 за 1 л. ва ўласную тару, у бутлях па 5 л. – Br 2, у бутлях па 10 л. – Br 4.

Грамадзяне могуць таксама ажыццяўляць нарыхтоўку драўняных сокаў бясплатна і без дазваленчых дакументаў у вызначаных лясніцтвам месцах і з захаваннем устаноўленых правілаў. Для атрымання больш канкрэтнай інфармацыі неабходна звярнуцца ў лясніцтва па месцы жыхарства.

Васіль Шык нагадаў, што за парушэнні правілаў нарыхтоўкі бярозавага соку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і немалыя грашовыя спагнанні. Так, фізічная асоба можа атрымаць папярэджанне або штраф у памеры да 20 БВ, індывідуальны прадпрымальнік – да 100 БВ, а юрыдычная асоба – да 500 БВ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая