Рус Бел Eng 中文

Лёгкаатлеты Магілёўскай вобласці – у ліку пераможцаў спецыяльнай прэміі «Атлетыка»

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі падвяла вынікі 2017 года і ўзнагародзіла найлепшых спартсменаў спецыяльнай прэміяй «Атлетыка». Уручэнне статуэтак і грашовых сертыфікатаў адбылося 11 студзеня ў Мінску. Сярод пераможцаў нямала прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці.

Так, у «маладзёжцы» перамогу святкаваў Дзмітрый Набокаў. Спартсмен стаў чэмпіёнам Еўропы сярод моладзі ў Быдгашчы па скачках у вышыню. Вынік – 2.24 м.

Найлепшым трэнерам прызнаны Ігар Варанцоў. Спецыяліст працаваў у Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, але некалькі гадоў таму пераехаў у Віцебск.

Магілёўскія атлеты таксама ўдастоены ўзнагарод у спецыяльных намінацыях.

У катэгорыі «Характар года» пераможцай прызнана Крысціна Ціманоўская. Спартсменка стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы сярод моладзі ў Быдгашчы на дыстанцыі 100 м з вынікам 11.54, а на двухсотмятроўцы з часам 23.32 заняла чацвёртую пазіцыю.

«Камандай года» аб’яўлена жаночая зборная, якая заваявала Кубак Еўропы ў бегу на 10000 м. Сярод уладальніц статуэтак дзве прадстаўніцы Магілёўшчыны – Ніна Савіна і Таццяна Сцефаненка.

Фотаздымкі - Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая