Рус Бел Eng 中文

Магілёўская абласная арганізацыйная структура ДТСААФ падвяла вынікі спартыўнага сезона 2018 года

Магілёўская абласная арганізацыйная структура ДТСААФ сёння падвяла вынікі спартыўнага сезона 2018 года. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел начальнік аддзела спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама Дзмітрый Лацянкоў, старшыня ГА «Беларуская федэрацыя па пейнтболе» Максім Дземідзенка, шасціразовы абсалютны чэмпіён свету па радыёспорце Сяргей Швядко, прадстаўнікі абароннага грамадства.

На сённяшні дзень у ДТСААФ рэгіёна развіваецца дзесяць відаў спорту. Тры з іх адкрыты ў 2018 годзе – гэта стральба практычная, лазертаг, страйкбол. Для заняткаў спортам у секцыях ёсць адпаведная вучэбна-спартыўная база, тэхніка і інвентар.

У бягучым годзе арганізацыйныя структуры вобласці падрыхтавалі і правялі 7 рэспубліканскіх спаборніцтваў, 76 спартыўных мерапрыемстваў абласнога, гарадскога, раённага ўзроўняў, у тым ліку сумесна з упраўленнямі (аддзеламі) спорту і турызму гаррайвыканкамаў. Спартсмены ДТСААФ Магілёўшчыны прынялі ўдзел у 38 чэмпіянатах, Кубках, першынствах Рэспублікі Беларусь па тэхнічных, авіяцыйных і ваенна-прыкладных відах спорту. Яны заваявалі 31 медаль рознай вартасці. У агульнакамандных заліках дзесяць разоў дружыны абароннага таварыства рэгіёна станавіліся пераможцамі і прызёрамі спаборніцтваў. Найбольш высокіх вынікаў дамагліся прадстаўнікі секцый па хуткаснай радыётэлеграфіі, картынгу, пейнтболе, матацыклетным спорце. 

«Спартыўная работа – адна з важных задач добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, – адзначыў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Мазур. – Абароннае таварыства з’яўляецца адзінай у дзяржаве структурай, якая адказвае за стан і развіццё тэхнічных, авіяцыйных і ваенна-прыкладных відаў спорту, прадстаўляе іх на міжнароднай арэне і праводзіць спартыўныя спаборніцтвы ўсіх узроўняў у Рэспубліцы і вобласці».

Аляксандр Мазур падкрэсліў, што ДТСААФ Магілёўшчыны выхавала шмат выдатных спартсменаў. Сярод іх Таццяна Пусоўская, Андрэй Біндасаў, Сяргей Швядко, Вольга Бегунова, Дзмітрый Кітаеў, Аляксей Бойчанка, Сяргей Кулажанка, Гунар Шміт і інш. «Гэта людзі, на якіх мы закліканы раўняцца, у якіх павінны вучыцца, як трэба любіць Айчыну, дамагацца дасягненняў у самых розных галінах, не баяцца адважвацца і здзяйсняць часам немагчымае ў імя сваёй Радзімы», – сказаў старшыня абароннага таварыства рэгіёна.

Упэўнена нясе сцяг дтсаафаўскага спорту кагорта маладых спартсменаў, у ліку якіх Анастасія Бегунова, Яфім Кашкан, Цімафей Астрашэўскі, Мікалай Семянчук, Мікалай Шэйдак, Дзмітрый Лысенка, Марына Лычкоўская, Аляксей Іваноў, Дзмітрый Кірычэнка.

Падчас мерапрыемства ўшаноўвалі найлепшых спартсменаў, трэнераў, інструктараў – усіх тых, хто з энтузіязмам і поўнай аддачай сіл спрыяў развіццю тэхнічных, авіяцыйных і ваенна-прыкладных відаў спорту. У прыватнасці, медалём «90 гадоў ДТСААФ» узнагародзілі дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра фізічнай культуры навучэнцаў і студэнтаў Аляксандра Шайтарава. У намінацыі «Найлепшы трэнер 2018 ДТСААФ Магілёўскай вобласці» перамагла трэнер спартыўнай секцыі па хуткаснай радыётэлеграфіі Вольга Бегунова. Каманда ДТСААФ рэгіёна пад яе кіраўніцтвам у бягучым годзе ва ўсіх чэмпіянатах, Кубках, першынствах Беларусі заваёўвала сярэбраныя і бронзавыя медалі. Найлепшым спартсменам ДТСААФ рэгіёна стаў неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў і Кубкаў Беларусі па матацыклетным кросе Раман Шачак. Акрамя таго, некаторым спартсменам прысвоілі разрад «Кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь» у розных відах.

Падзячныя лісты за выхаванне працавітых, мэтанакіраваных сыноў, якія здолелі дамагчыся высокіх вынікаў, атрымалі бацькі. А выхаванцам Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча ўручылі членскія білеты ДТСААФ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая