Рус Бел Eng 中文

Магілёўская міліцыя адзначае 100-годдзе з дня ўтварэння

Мерапрыемствы да 100-годдзя Магілёўскай міліцыі, якое будзе адзначацца 19 мая, адбыліся сёння ў горадзе на Дняпры.

Раніцай у музеі гісторыі Магілёва прайшла цырымонія ўручэння ўзнагарод кіраўнікам і супрацоўнікам, якія маюць высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці. Вечарам на сцэне абласнога Цэнтра творчасці пачаўся святочны канцэрт.

Гасцямі мерапрыемства сталі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, часовы выканальнік абавязкаў па пасадзе міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Мікалай Мельчанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, кіраўнікі сілавых структур, прадстаўнікі абласной і гарадской улады, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў. На ўрачыстасць таксама запрасілі начальнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама мінулых гадоў: генерал-маёраў міліцыі Барыса Алданава, Фёдара Балейку, Аляксандра Кавальчука, палкоўніка міліцыі Валерыя Канчатава.

Адкрываючы мерапрыемства, Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што сіла духу, самаадданасць і прафесіяналізм, неабыякавасць да праблем людзей і гатоўнасць прыйсці на дапамогу заўсёды былі ўласцівыя супрацоўнікам УУС Магілёўшчыны. «Вы стаіце на варце законнасці і правапарадку, абараняеце бяспеку, правы і інтарэсы грамадзян ад злачынных замахаў, – адзначыў кіраўнік рэгіёну. – Ад вашай кампетэнтнасці, адказнасці і прынцыповасці ў многім залежыць аўтарытэт дзяржавы, згода і спакой у грамадстве. Рашэнне гэтых выключна важных і адказных задач патрабуе ад супрацоўнікаў усіх падраздзяленняў і структур бездакорных службовых і асабістых якасцяў». 

Успамінаючы старонкі гісторыі, Уладзімір Даманеўскі нагадаў: рэвалюцыя 1917 года паклала пачатак утварэнню новых органаў улады, дзе першачарговае месца займала фарміраванне і ўдасканаленне дзейнасці народнай міліцыі. Разам з праблемамі аховы грамадскага парадку, неабходнасцю барацьбы са злачыннасцю, на міліцыю ляглі задачы па абароне маладой рэспублікі, удзеле ў баявых дзеяннях супраць дэзерціраў. У барацьбе з бандытызмам міліцыянеры паказвалі ўзоры мужнасці і стойкасці.

Асаблівы гераізм супрацоўнікі міліцыі праявілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адразу пасля нападзення гітлераўцаў у Магілёве сабралі каля 500 міліцыянераў, а пасля прыбыцця мінскай і гродзенскай школ міліцыі магілёўскі міліцэйскі гарнізон павялічыўся да 1,5 тыс. чалавек. Асноўныя іх намаганні былі накіраваны на падтрыманне ў горадзе парадку ў ваенны час, падрыхтоўку да абароны, выяўленне панікёраў, распаўсюджвальнікаў ілжывых правакацыйных чутак.

Непасрэдны ўдзел міліцыянеры прынялі і ў абароне Магілёва. Адну з самых яркіх старонак напісалі байцы батальёна міліцыі пад камандаваннем капітана Канстанціна Уладзімірава, якія трымалі абарону рубяжоў шэсць дзён, адбіваючы атакі захопнікаў. З 250 міліцыянераў жывымі засталося толькі 19.

Міліцыянеры Прыдняпроўскага краю з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. 19 воінаў-афганцаў праслужылі ў міліцыі вобласці і ўдастоены баявых дзяржаўных узнагарод.

Магілёўскія міліцыянеры адны з першых прыбылі на месца аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На розных стадыях ліквідацыі катастрофы было задзейнічана больш за 1 тыс супрацоўнікаў абласной міліцыі.

«Цяперашняе пакаленне міліцыянераў Магілёўскай вобласці вартае сваіх папярэднікаў, – канстатаваў Уладзімір Даманеўскі. – Упэўненасць нашых грамадзян у бяспецы – найбольш значнае таму пацвярджэнне».

Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу, што на працягу апошніх год адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці злачынстваў і павышэння іх раскрывальнасці. Зніжана колькасць учыненых фактаў наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, рабаванняў, хуліганстваў, крадзяжоў. Зменшылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, загінулых і траўмаваных у іх людзей, а таксама аварый па віне асоб, якія знаходзіліся ў стане ап’янення. Палепшана выніковасць раскрыцця практычна ўсіх відаў злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, у спыненні злачынстваў у сферах эканомікі, незаконнага абароту наркотыкаў і гандлю людзьмі.

У той жа час сёння перад супрацоўнікамі органаў унутраных спраў стаяць новыя задачы, падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. «Вам трэба выходзіць на яшчэ больш высокі ўзровень абароны правоў і свабод суграмадзян, удасканальваць прафілактычную дзейнасць, прадухіляючы сам факт злачынства, – сказаў ён. – Упэўнены, наша міліцыя і надалей будзе надзейным шчытом на шляху крыміналу, забяспечваючы закон і правапарадак, абараняючы жыхароў рэгіёна ад замахаў на іх маёмасць, жыццё і здароўе».

Уладзімір Даманеўскі заўважыў, што юбілей Магілёўскай міліцыі адзначаюць не толькі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, але і іх сем’і, якія штодня хвалююцца і перажываюць за родных.

Ад імя жыхароў Прыдняпроўскага краю кіраўнік рэгіёна падзякаваў супрацоўнікам міліцыі за службу, пажадаў добрых вынікаў у працы, спакойных дзяжурстваў, шчасця і здароўя. Ён уручыў Ганаровыя граматы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта начальніку Ленінскага РАУС горада Магілёва палкоўніку міліцыі Аляксею Шчарбакову, начальніку Круглянскага РАУС падпалкоўніку міліцыі Аляксею Акіншаву, намесніку начальніка Магілёўскага РАУС падпалкоўніку міліцыі Арцёму Мішэніну. Падзячныя лісты аблвыканкама атрымалі начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Магілёўскага аблвыканкама Раман Раманенка і намеснік начальніка ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Слонімскі.

Падчас ушанавання многія супрацоўнікі міліцыі рэгіёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрстваў унутраных спраў Расіі па Бранскай і Смаленскай абласцях. У прыватнасці, за праяўленую прафесійную ініцыятыву, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці і ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя Магілёўскай міліцыі начальнік упраўлення ДАІ УУС Магаблвыканкама палкоўнік міліцыі Міхаіл Неўмяржыцкі быў узнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў».

  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая