Рус Бел Eng 中文

Магілёўская вобласць 12-18 лістапада далучыцца да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва

Магілёўская вобласць 12-18 лістапада далучыцца да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў камітэце эканомікі аблвыканкама.

Так, 14 лістапада ў Палацы культуры вобласці арганізуюць міжрэгіянальны бізнес-форум «Кааперацыя вытворчасці, бізнесу і навукі ў прамысловасці: поспехі, праблемы, перспектывы». На базе IT лабараторыі, якая працуе ў беларуска-расійскім універсітэце, 12-16 лістапада адбудзецца тыдзень бізнес-адукацыі моладзевага прадпрымальніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій. У Інстытуце правазнаўства 13 лістапада запланаваны семінар на тэму: «Прававыя асновы бізнесу для моладзі» і сустрэча са студэнтамі на тэму «Роля прадпрымальніцкіх аб’яднанняў у развіцці і пашырэнні бізнесу рэгіёна». У гэты ж дзень у БДСГА пройдзе стартап-школа па праектаванні і запуску бізнесу «Рэгістрацыя кампаніі: юрыдычныя аспекты», а 16-га лістапада – фінал конкурсу моладзевых бізнес-ідэй «Мой стартап».

На пляцоўцы ААТ «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця» правядуць круглы стол «Магчымасці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прадпрымальнікаў Магілёўскай і Смаленскай абласцей» і навучальны семінар «Маркетынг – складнік поспеху прадпрыемстваў, якія займаюцца ЗЭД». У ЗАТ «Тэхналагічны парк Магілёў» арганізуюць круглы стол для жанчын-прадпрымальнікаў і моладзевую стартап-школу «Як прэзентаваць бізнэс-ідэю». Тэматычныя семінары з суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва правядуць у многіх раёнах Магілёўскай вобласці.

Мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў органаў улады, бізнесу, суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, банкаўскіх арганізацый, адміністрацыі СЭЗ «Магілёў», дзяржаўных арганізацый запланаваны ў Бабруйску. Так, у Магілёўскім тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча 13 лістапада адбудзецца семінар на тэмы: «Франчайзінг як форма развіцця малога бізнэсу», «Workshop», «Моладзевы стартап». У гэты ж дзень у гасцініцы «Турыст» будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка, дзе адбудуцца прэзентацыі банкаўскіх прадуктаў для малога і сярэдняга бізнесу і магчымасцяў свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», а таксама кансультаванне па пытаннях стварэння і рэгістрацыі бізнесу, падаткаабкладання, прадастаўлення субсідый на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці.

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва пройдзе ў Беларусі сёмы раз. Яго тэма ў гэтым годзе – стартапы. Сёння найбуйнейшая прадпрымальніцкая ініцыятыва аб’ядноўвае больш за 160 краін свету. Сінявокая далучылася да яго правядзення ў 2011 годзе.

Мерапрыемствы Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва пройдуць у нашай краіне пры падтрымцы Міністэрства эканомікі. Партнёрамі выступаюць ААТ «Банк развіцця Беларусі», ТАА «Цэнтр дзелавых камунікацый БЕЛБІЗ» і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая