RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Цзянсу маюць намер пашыраць і паглыбляць сферы супрацоўніцтва

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Цзянсу маюць намер пашыраць і паглыбляць сферы супрацоўніцтва. Перспектыўныя прапановы па далейшым развіцці дружалюбных і партнёрствах адносін абмяркоўвалі сёння намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар і першы намеснік старшыні пастаяннага камітэта Сходу народных прадстаўнікоў правінцыі Цзянсу Чэнь Чжэньнін падчас афіцыйнай сустрэчы.

У Магілёў прыехала вялікая дэлегацыя, у склад якой увайшлі кіраўнікі і спецыялісты камітэта па замежных справах і турызме, секцыі камітэта знешніх сувязяў Сходу народных прадстаўнікоў правінцыі Цзянсу, камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю, дэпартамента камерцыі, канцылярыі па замежных справах, аддзела адміністрацыі ўрада, гандлёва-эканамічнага прадстаўніцтва правінцыі і інш., а таксама бізнесмены – прадстаўнікі найбуйнейшых кітайскіх кампаній.

 

«Наш рэгіён надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Паднябесная ў апошні час становіцца для нас адным са стратэгічных партнёраў, і мы гэта высока цэнім. З правінцыяй Цзянсу ў Магілёўшчыны ўстанавіліся цесныя кантакты, якім ужо больш за 10 гадоў, і вобласці рэгулярна абменьваюцца дэлегацыямі».

Дзякуючы Цзянсускай карпарацыі па замежным супрацоўніцтве прадукцыя нашага рэгіёна, у тым ліку мясная і малочная, пастаўляецца на кітайскі рынак. Кампанія SUMEC ужо пачала рэалізацыю праекта па вырошчванні і перапрацоўцы лёну на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. На Крычаўшчыне пачалі масава вырошчваць грыбы шыітаке – гэтым займаецца таварыства «Інфэн» на тэрыторыі старой вайсковай часці каля вёскі Чырвоная Буда. «Спецыяльна для рэалізацыі гэтага інвестыцыйнага праекта мы дамагліся ўнясення змяненняў ва ўказ кіраўніка дзяржавы, і асобны ўчастак у Крычаўскім раёне ўключылі ў СЭЗ «Магілёў», што прадугледжвае добрыя льготныя ўмовы развіцця і функцыянавання, – растлумачыў Руслан Страхар. – І ў далейшым мы гатовы аказваць садзейнічанне ў рэалізацыі гэтага праекта».

Намеснік старшыні аблвыканкама заўважыў, што на рынак КНР ужо пастаўляецца тэкстыльная прадукцыя прадпрыемстваў Прыдняпроўскага краю, а значыць, перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва магло б стаць адкрыццё сумесных вытворчасцяў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Ёсць намеры знайсці агульныя падыходы ў машына- і ліфтабудаванні, хімічнай прамысловасці, паколькі ў правінцыі Цзянсу гэтыя сферы развіваюцца актыўна. «У нас больш за 100 буйных прадпрыемстваў, гатовых у той ці іншай ступені супрацоўнічаць з кітайскімі партнёрамі. У выпадку зацікаўленасці існуе таксама магчымасць продажу іх акцый», – падкрэсліў Руслан Страхар. Пазнаёміцца з перспектыўнымі тэхналогіямі машынабудавання, механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў госці могуць падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Машынабудаванне і металаапрацоўка», якая пройдзе 10-11 кастрычніка ў Магілёве і Бабруйску.

Нямала агульных напрацовак і ў гуманітарнай сферы. Дзякуючы правінцыі Цзянсу на базе Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі адкрыты Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны, і ў жыхароў горада ён карыстаецца вялікім попытам. Паспяхова развіваецца супрацоўніцтвапаміж ВНУ двух рэгіёнаў. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова наладзіў дружалюбныя сувязі з Нанкінскім педагагічным інстытутам Сяачжуан, А Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія – з Цзянсускай акадэміяй сельскай гаспадаркі. У 2018/2019 навучальным годзе кітайскую мову ў нашай вобласці вывучала больш за 40 вучняў III і IV класаў. Наладжана праца «Класа Канфуцыя» ў гімназіі № 3 Магілёва.

Руслан Страхар звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў сферы турызму і арганізацыі ўзаемных турыстычных абменаў. Асабліва гэта актуальна для такой развітай кітайскай правінцыі, як Цзянсу, дзе пражывае больш за 90 млн.чалавек. «Магілёўшчына валодае выдатнай прыродай і месцамі адпачынку, – канстатаваў намеснік старшыні аблвыканкама. – Мы актыўна развіваем інфраструктуру для прыняцця гасцей. Таму прапануем кітайскім партнёрам разгледзець магчымасць будаўніцтва гасцініц або рэстаранаў у кітайскім стылі на тэрыторыі рэгіёна».

У сваю чаргу Чэнь Чжэньнін пацвердзіў намер кітайскага боку актывізаваць працу па паглыбленні двухбаковага супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што прыехаў у Беларусь упершыню, як і многія члены дэлегацыі, але краіна ўжо пакінула добрае ўражанне. «Па дарозе з Мінска ў Магілёў мы бачылі прыгожыя пейзажы і дагледжаныя палі, расказаў госць. І праз іх адчулі асаблівую гасціннасць беларусаў».

 

Чэнь Чжэньнін заўважыў, што ў апошнія гады кантакты нашай вобласці і правінцыі Цзянсу становяцца больш цеснымі. Пачатак развіццю трывалых узаемаадносін паміж Магілёўшчынай і ўсходняй правінцыяй пакладзены ў лістападзе 2007 года. Падчас візіту ў Кітай прадстаўнікоў Прыдняпроўскага краю быў падпісаны Мемарандум аб дружалюбным супрацоўніцтве паміж Магілёўскім аблвыканкамам і Народным урадам правінцыі Цзянсу. Наступным крокам стала заключэнне Пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж рэгіёнамі ў маі 2015 года. Далей вынікам некалькіх візітаў гасцей з правінцыі Цзянсу ў Магілёўскую вобласць стала падпісанне ў ліпені 2017 года некалькіх важных дакументаў. Яны тычыліся супрацоўніцтва ў галіне турызму, паставак на кітайскі рынак прадукцыі Магілёўскага мясакамбіната(ялавічыны), рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, які прадугледжвае стварэнне вытворчасці па вырошчванні грыбоў у Крычаўскім раёне. Моцны імпульс развіццю сувязяў паміж рэгіёнамі таксама надалі візіты беларускай дэлегацыі на чале з губернатарам у правінцыю, якія адбыліся ў верасні 2016-га і верасні 2017 года. Прайшлі выніковыя сустрэчы з кіраўніцтвам Цзянсу. Прадстаўнікі нашай вобласці прынялі ўдзел у бізнес-форумах. Дзякуючы актыўнай працы па наладжванні партнёрскіх узаемаадносін заключаны шэраг дакументаў па ўмацаванні міжрэгіянальных, гандлёва-эканамічных сувязяў, гуманітарнага супрацоўніцтва. Праца ў гэтым кірунку працягнулася і ў 2018-м. Падпісаны Мемарандум аб устанаўленні дружалюбных адносін паміж Асіповічамі і горадам Янчжоу, а таксама пратаколы аб намерах аб устанаўленні дружалюбных адносін паміж Народным урадам горада Ляньюньган і Магілёўскім гарадскім саветам дэпутатаў, паміж Народным урадам павета Гуаньюнь і Крычаўскім райвыканкамам. Заверана праграма (дарожная карта) мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Цзянсу на 2018-2020 гады.

У апошнім дакуменце прапісаны асноўныя напрамкі і мерапрыемствы, намечаныя для рэалізацыі ў найбліжэйшы час. Кожнае з іх з’яўляецца стратэгічна важным для ўмацавання і развіцця партнёрства, падкрэслілі бакі падчас дыялогу. Улічваючы вопыт супрацоўніцтва і ў сувязі з 5-годдзем заключэння пабрацімскіх адносін паміж Магілёўскай вобласцю і кітайскай правінцыяй, было прынята рашэнне прапрацаваць правядзенне ў 2020 годзе дзён правінцыі Цзянсу ў нашым рэгіёне. Такое комплекснае мерапрыемства паслужыць развіццю і наладжванню супрацоўніцтва бізнес-супольнасцяў, а канцэрты, выставы і прэзентацыі дапамогуць жыхарам абедзвюх краін больш даведацца пра культуру і традыцыі адзін аднаго.

Візіт кітайскай дэлегацыі не быў абмежаваны сустрэчай з намеснікам старшыні аблвыканкама. У Магілёўскім аддзяленні БелГПП госці больш дэталёва азнаёміліся з інвестыцыйным патэнцыялам рэгіёна, наведалі музей этнаграфіі.

    

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая