Рус Бел Eng 中文

Магілёўская вобласць і Рэспубліка Карэя зробяць акцэнт на развіццё эканамічнага супрацоўніцтва

Развіццё эканамічнага супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і Рэспублікай Карэя сёння стала галоўнай тэмай сустрэчы старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага з паслом Рэспублікі Карэя ў Беларусі Кім Ёнг Хо.

Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, за апошнія тры гады намецілася ўстойлівая тэндэнцыя росту знешнегандлёвага абароту Магілёўскай вобласці і Рэспублікі Карэя. Калі ў 2015 годзе доля ўсходнеазіяцкай дзяржавы ў знешнегандлёвым абароце Магілёўскай вобласці з краінамі далёкага замежжа складала 1,3%, то за студзень-верасень 2017 года – 3,9%. «Мы бачым, як расце зацікаўленасць суб’ектаў гаспадарання двух бакоў ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве і гатовы ўсяляк садзейнічаць развіццю двухбаковых адносін як у сферы гандлю, так і прамысловай кааперацыі, інвестыцыйным супрацоўніцтве і стварэнні на тэрыторыі Магілёўскай вобласці сумесных прадпрыемстваў з удзелам карэйскага капіталу», – адзначыў Уладзімір Даманеўскі.

Губернатар выказаў зацікаўленасць у наладжванні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з якой-небудзь правінцыяй Рэспублікі Карэя, пашырэнні ўзаемадзеяння ў сферы культуры, адукацыі і турызму. Ён прапанаваў арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў бізнес-колаў Магілёўскай вобласці і Рэспублікі Карэя, а таксама запрасіў пасла прыняць удзел у міжнародным інвестфоруме «Млын поспеху», які пройдзе ў чэрвені наступнага года ў Магілёве.

У сваю чаргу Кім Ёнг Хо адзначыў, што калі ў свой першы візіт у Магілёўскі рэгіён ён надаў асноўную ўвагу знаёмству з культурай і традыцыямі краю, то падчас гэтай двухдзённай рабочай паездкі мае намер азнаёміцца ў большай ступені з эканамічнымі магчымасцямі вобласці. «Знаёмячыся завочна з рэгіёнам, я адкрыў для сябе, што тут знаходзіцца магутны прамысловы патэнцыял і ёсць добрыя магчымасці для пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Карэя. У рэгіёне, як і ў Беларусі ў цэлым, спрыяльны інвестыцыйны клімат, дастатковая колькасць высокакваліфікаваных кадраў. Гэта ў тым ліку адкрывае добрыя перспектывы для інвестыцыйнага супрацоўніцтва, і мы разглядаем Магілёўскую вобласць як адну са стратэгічных пляцовак для карэйскіх інвестыцый, каб праз стварэнне тут канкурэнтаздольных вытворчасцей мець магчымасці выхаду з вырабленай сумесна прадукцыяй на рынкі ЕС і ЕАЭС», – сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, карэйскі бок у цяперашні час вядзе перагаворы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Калі гэты праект у найбліжэйшы час ажыццявіцца, то гэта стане важным сігналам для карэйскага бізнесу па актывізацыі эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Пасол таксама прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Дзён кіно Рэспублікі Карэя ў Магілёве. Сёння ён мае намер наведаць тэхнапарк «Магілёў» і ААТ «Магілёўліфтмаш».

 

БЕЛТА

Фотаздымкі ўласныя 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая