Рус Бел Eng 中文

Магілёўская вобласць і ЗША лічаць перспектыўным развіццё ўзаемаадносін праз наладжванне рэгіянальнага супрацоўніцтва

Наладжванне кантактаў на рэгіянальным узроўні можа стаць добрай асновай для развіцця ўзаемаадносін Магілёўскай вобласці і ЗША. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі сёння падчас афіцыйнай сустрэчы з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Робертам Райлі.

«Некалькі апошніх гадоў мы актыўна працуем з ЗША па пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – Гэтаму спрыяе ўстанаўленне партнёрскіх сувязяў на міжрэгіянальным узроўні, якія з’яўляюцца вынікам узаемных візітаў нашых дэлегацый».

  

Уладзімір Даманеўскі дадаў, што ўдзельная вага ЗША ў знешнегандлёвым абароце Магілёўскай вобласці з краінамі па-за СНД у студзені-сакавіку бягучага года склала 1,4% (у студзені-сакавіку 2017-га – 1,8%). Экспартныя пастаўкі ў гэтую краіну ажыццяўляюць ЗТАА «ВМГ Індустры», ТАА «Інтэрпласт Балтык», ААТ «Чырвоны харчавік». Наша мэбля, машыны і механічныя прылады, кандытарскія вырабы запатрабаваны ў Штатах. З далёкай краіны Магілёўшчына імпартуе станкі, электрагенератарныя ўстаноўкі, вадкасныя помпы, бітумныя сумесі і інш. 

У сваю чаргу Роберт Райлі падкрэсліў неабходнасць павелічэння колькасці візітаў як рэальнай платформы для наладжвання адносін паміж дзвюма краінамі, знаёмства бізнесменаў абедзвюх дзяржаў з магчымасцямі і патэнцыялам адзін аднаго. 

    

Дыпламат выказаў упэўненасць у тым, што ўзаемныя турыстычныя патокі Беларусі і ЗША таксама вырастуць у сувязі з існаваннем пяцідзённага бязвізавага рэжыму для амерыканскіх грамадзян і аднаўленнем у лютым аказання поўнага спектра візавых паслуг пасольствам у Мінску.

Роберт Райлі наведвае Магілёўскую вобласць ўпершыню, а таму паездка ў рэгіён з’яўляецца азнаямленчай. Ёсць для візіту і яшчэ адзін важны момант: дыпламат запрошаны ў якасці ганаровага госця на адкрыццё партнёрскага цэнтра «Усё пра ЗША», якое адбудзецца сёння ў Магілёўскім аддзяленні Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Установе культуры перададзены ўнікальныя рэсурсы – спецыяльнае абсталяванне для пабудовы кутка і крэатыўнай прасторы MakerSpace, кнігі і іншыя матэрыялы, прысвечаныя культурнай разнастайнасці Амерыкі. Цяпер наведвальнікі бібліятэкі атрымаюць магчымасць знаёміцца з навінкамі амерыканскай літаратуры, наведваць тэматычныя праграмы і выставы, мець кантакты з носьбітамі мовы. Па словах Роберта Райлі, цэнтр у горадзе на Дняпры стане адзінаццатым ў Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая