Рус Бел Eng 中文

Магілёўская вобласць мае намер пашыраць кола партнёраў з кітайскіх гарадоў і правінцый

Магілёўская вобласць мае намер пашыраць кола партнёраў з кітайскіх гарадоў і правінцый. На гэта звярнуў увагу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч на сустрэчы з дэлегацыяй горада Цяньцзінь, якая з першым азнаямляльным візітам прыбыла ў наш рэгіён.

Віктар Некрашэвіч азнаёміў гасцей з эканамічным і інвестыцыйным патэнцыялам Прыдняпроўскага краю, ільготамі і прэферэнцыямі для жадаючых адкрыць сваю справу. У прыватнасці, ён адзначыў, што геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці вобласці шырокая і ахоплівае больш за 120 краін свету. На тэрыторыі рэгіёна працуе каля 300 кампаній з замежным капіталам, а рэгістрацыя бізнесу займае толькі адзін дзень. Акрамя таго, Магілёўшчына некалькі гадоў таму была названая найлепшай у Беларусі па ўмовах яго вядзення.

Намеснік старшыні падкрэсліў, што рэгіёнам ўжо напрацаваны добры вопыт супрацоўніцтва з Кітаем. З 2003 года падпісаны шэраг дакументаў аб партнёрстве ў розных сферах з гарадамі і правінцыямі Паднябеснай. У далёкую краіну паспяхова экспартуюцца малочныя прадукты, лікёра-гарэлачныя вырабы, піва, мэбля, лён-сырэц і інш.

Аднак не толькі крокі па павелічэнні тавараабароту гатова прапанаваць вобласць кітайскім партнёрам. У рэгіёне ёсць больш як 200 свабодных участкаў зямлі і каля 140 аб’ектаў нерухомасці, а прыярытэтным напрамкам эканомікі Магілёўшчыны, у першую чаргу, з’яўляецца прыцягненне замежных інвестыцый.

«Асноўная задача органаў улады – стварыць умовы і не перашкаджаць бізнэсу, – канстатаваў Віктар Некрашэвіч. – Дадзеная сустрэча, упэўнены, будзе добрым штуршком для ўзаемнага плённага супрацоўніцтва». Ён таксама запрасіў гасцей прыняць удзел у традыцыйным міжнародным інвестыцыйным форуме, які плануецца правесці ў Магілёве 28-29 чэрвеня.

«Кіраўнікі Беларусі і Кітая прыклалі нямала намаганняў для таго, каб наладзіць моцнае партнёрства, цяпер чарга рэгіёнаў», – падкрэсліў віцэ-старшыня Народнага палітычнага кансультатыўнага савета горада Цяньцзінь Лі Чанцзінь. Таму галоўная мэта візіту дэлегацыі – знайсці і вывучыць напрамкі, па якіх можа будавацца далейшае супрацоўніцтва з абласцямі Сінявокай. У ліку прыярытэтных сфер госць назваў сельскую гаспадарку, медыцыну, нафтаздабычу, альтэрнатыўную энергетыку, касмічныя і мабільныя тэхналогіі. Ён таксама прапанаваў прадстаўнікам Магілёўшчыны прыехаць з візітам у адказ у горад Цяньцзінь, каб больш падрабязна расказаць кітайскім бізнесменам, зацікаўленым у інвеставанні, пра існуючыя перспектыўныя вобласці партнёрства.

Кітайскія госці ў дзень знаходжання наведалі ў горадзе на Дняпры холдынг «Бабушкина крынка» і ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай»» – прадпрыемствы, якія паспяхова пастаўляюць сваю прадукцыю на рынак Паднябеснай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая