Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі «Дамачай» арганізуе для турыстаў экскурсіі на вытворчасць

ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» пачало арганізацыю экскурсійных тураў на вытворчасць для дзяцей і дарослых «Мастацтва хлебапячэння», паведаміла вядучы інжынер-тэхнолаг кампаніі Ірына Сабалеўская.

Усім жадаючым прапануецца на выбар паўтарагадзінная праграма з наведваннем заводаў №3 або №4, дзе гасцей знаёмяць з гісторыяй і традыцыямі хлебапячэння, праводзяць тэматычныя віктарыны, расказваюць аб працы кампаніі і паказваюць працэс вырабу хлеба ад замесу цеста да ўпакоўкі. Пры гэтым тут даюць пакаштаваць гарачы хлеб, які сышоў прама з канвеера. Затым экскурсанты наведваюць выставу, дзе прадстаўлены шырокі асартымент хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў аўтарскай працы, некаторыя з іх прадстаўляюць сапраўдныя творы кулінарнага мастацтва.

У фінале экскурсіі ўсіх чакае чаяванне са свежай выпечкай і салодкія падарункі ад «Дамачая»: фірмовыя заварныя пернікі, кукурузныя палачкі і печыва. «Хоць мы толькі пачалі праводзіць такія тэматычныя экскурсіі, але яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю, асабліва ў дзяцей. Да 10 студзеня мы павінны прыняць 22 экскурсійныя групы. Падчас зімовых школьных канікулаў нас наведалі не толькі магілёўцы, але і госці з Оршы і Круглага, а 5 студзеня мы чакаем групу з Чавус. Таму плануем развіваць працу ў гэтым напрамку з мэтай рэкламавання і папулярызацыі сваёй прадукцыі. Для гэтага мы маем намер удасканальваць экскурсійныя праграмы, зрабіць іх разнапланавымі, дадаць больш інтэрактыву і элементаў гульні», – адзначыла Ірына Сабалеўская.

Кампанія «Дамачай» з’яўляецца першапраходцам у вобласці па арганізацыі прамысловага турызму. Як паведамілі на прадпрыемстве «Магілёўаблтурыст», на чарзе арганізацыя экскурсій у ААТ «Белшына» (г. Бабруйск), дзе гасцей пазнаёмяць з працэсам вырабу аўтамабільных шын. З гігантам хімічнай прамысловасці ўжо заключаны дагавор, вядзецца падрыхтоўка праграмы. Наведванне «Белшыны» будзе ўваходзіць у кошт экскурсійнага тура па Бабруйску.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая