Рус Бел Eng 中文

Магілёўскія пошукавікі адправіліся на пошукі збітага ў гады Вялікай Айчыннай Савецкага бамбардзіроўшчыка

Магілёўскія пошукавікі, узброіўшыся рыдлёўкамі, шчупамі, металашукальнікамі, магнітометрам, абуўшы гумовыя рыбацкія боты «па падбародак», адправіліся ў разведку ў Клічаўскі раён. У лесе, непадалёк ад вёскі Рагі яны хочуць адшукаць месца падзення савецкага бамбардзіроўшчыка Іл-4, падбітага тут фашыстамі восенню 1943-га.

Па Клічаўскім лесе яны прабіраюцца след у след, з купіны на купіну, як канатаходцы, тлумачачы: «Месцы тут прыгожыя. Але і падступныя. Балоты навокал, ды такія глыбокія, 5-6 метраў, – чалавека ўміг праглыне. І не толькі чалавека». Ураджэнец вёскі Рагі Аляксандр Заблоцкі ад бацькоў ведае: тут, пад цёмнымі водамі і спачывае ІЛ-4:

– Фашысты збілі яго ў ноч з 12 на 13 кастрычніка 1943-га. Майму бацьку – Уладзіміру Якаўлевічу – тады гадоў 15 было, ён памятае, як над вёскай успыхнула зарыва і на лес, як птушка-падранак, спікіраваў самалёт. Зваліўся за 250 метраў ад нашага плота, прама ў балота. Назаўтра вяскоўцы даведаліся: з падбітага фашыстамі бамбавіка выскачыла трое парашутыстаў. Аднаго немцы злавілі і расстралялі, другі загінуў, наткнуўшыся на велізарны дуб. А трэці знік. Карнікі прачэсвалі лес у яго пошуках, лютавалі. А знайшоў яго мой бацька. На дрэве. Лётчык сябе рамянём да ствала елкі прыкруціў. Немцы, прачэсваючы лес, стралялі па кустах, дрэвах, вось і перастрахаваўся, каб не ўпасці, калі раняць.

Уладзімір Заблоцкі аказаўся адважным хлопцам: прывёў 22-гадовага штурмана Уладзіміра Нікіфарава – ураджэнца горада Чаркасы Кіеўскай вобласці – дадому. І амаль 2 месяцы Заблоцкія, рызыкуючы ўласнымі жыццямі, хавалі яго ў свіране, у стозе сена, куды сельскі падлетак Валодзя бегаў па начах карміць свайго цёзку. Ён жа праз час і вывеў яго ў Чачэвічы, да партызанаў.

Сын Уладзіміра Якаўлевіча Аляксандр Заблоцкі ўспамінае:

– Шмат гадоў з той пары прайшло. І ў пачатку 80-х, – мне ўжо было 24 гады, працаваў ваенруком у мясцовай школе – сядзелі мы неяк з бацькам на лавачцы каля дома, як раптам пад’ехаў «Масквіч». За рулём – малады хлопец, побач – прыгожы, станісты мужчына, усе грудзі ў ордэнах. Выйшаў ён з машыны, зірнуў на майго бацьку: «Не прызнаеш?» Бацька прыжмурыўся, качае галавой. А той яму: «Дык Валодзька я!» У баці – слёзы з вачэй, кінуўся да яго. Штурман Нікіфараў – герой, які прайшоў усю вайну – вясной 1944-га ён зноў далучыўся да свайго авіяпалка і працягнуў ваяваць – таксама не змог утрымаць слёз. Потым бацька вадзіў яго па вёсцы, на балота, дзе самалёт ляжыць, на магілу яго баявых таварышаў. Сын Нікіфарава – мой поўны цёзка – Аляксандр Уладзіміравіч, падарыў мне запісную кніжку. Яго бацька майму – люстру. Яна да гэтага часу «жывая». Бацькоў ужо няма, а яна так і вісіць у іх хаце ў Рагах. Бацька мой, колькі сябе памятаю, варта было каму з вяскоўцаў або прыезджых ступіць да яго на парог, адразу вёў іх да гэтай люстры: «Мне яе лётчык падарыў. А я яму – жыццё». Лётчык Нікіфараў прыязджаў да нас у вёску з сям’ёй яшчэ 4 разы. Ад яго мы даведаліся імёны загінулых членаў экіпажа, якія сёння ўвекавечаны на брацкай магіле ля вёскі Ганча.

Двух загінулых членаў экіпажа мясцовыя жыхары ў 1943-ім пахавалі за вёскай Рагі. І яшчэ доўга там стаяў драўляны крыж. А ўжо пасля, у 50-я гады, перапахавалі ў брацкай магіле ў Ганчы. На мармуровай пліце – іх імёны: лётчык Юрый Кралявец і гвардыі малодшы сяржант, паветраны стралок Павел Перасянчук. Юрыю – ураджэнцу Омскай вобласці – было ўсяго 22 гады, Паўлу, які родам з Вінніцкай вобласці, – 23.

У гады вайны вяскоўцы не раз спрабавалі падняць і астанкі лётчыка, які загінуў у згарэлым Іле. Нажаль, дрыгва аддала ім толькі некалькі элементаў абшыўкі самалёта. Мужыкі яе пераплаўлялі, рабілі міскі, лыжкі. А аднойчы ім удалося падчапіць гімнасцёрку. У ёй аказаўся камсамольскі білет на імя 21-гадовага Аляксея Ганчарэнкі.

Праз 75-гадоў астанкі паветранага стралка-радыста паспрабуюць «адваяваць» у балота вопытныя пашукавікі. Каб пахаваць разам з баявымі таварышамі. Яшчэ адна задача – адшукаць у дрыгве рухавік бамбардзіроўшчыка.
Кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Вікру» Мікалай Барысенка ўдакладняе:

– Сякія-такія дэталі самалёта мы ўжо паднялі. Але рухавік – самае галоўнае. Звычайна па нумарах рухавікоў мы ўстанаўліваем імёны экіпажа самалёта. Але цяпер нам важна даведацца, куды і з якой місіяй накіроўваўся савецкі бамбаррдзіроўшчык. А галоўнае, хочам устанавіць, колькі ўсяго Ілаў 17-га Рослаўскага гвардзейскага палка авіяцыі далёкага дзеяння ў той кастрычніцкі дзень 1943-гапайшлі на спецзаданне. Бо па гэты дзень невядома, колькі яшчэ нашых самалётаў, колькі герояў вайны могуць пакоіцца ў гэтых балотах. А што яны тут ёсць – факт. Толькі 27 кастрычніка 1943-га бамбіць Мінск – чыгуначную станцыю і нямецкі аэрадром – з той жа дывізіі адправілася 7 бамбардзіроўшчыкаў, а ў часць вярнуліся толькі 2…

Фота Святланы БАРЫСЕНКА

СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна