Рус Бел Eng 中文

Марыя Магільная з Магілёва перамагла ў дзіцячым конкурсе на «Славянскім базары»

Марыя Магільная, якая прадстаўляе Беларусь на XV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2017”, стала ўладальніцай Гран-пры.

Гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і дыпламантаў адбыліся сёння ў канцэртнай зале “Віцебск”. Як адзначыла ў сваёй прамове старшыня журы спявачка Варвара, кожнага з гэтых юных артыстаў ужо можна назваць прафесіяналам сваёй справы, і ў іх наперадзе яшчэ шмат перамог. Яна падзякавала дзяцей, іх бацькоў, педагогаў за праведзеную каласальную працу, а таксама пахваліла выдатную рэжысуру ўсяго свята, задзейнічаных артыстаў і танцораў.

А затым наступіў самы хвалюючы момант – уручэнне ўзнагарод. Зрэшты, абвешчаная ўладальніца Гран-пры пакуль здавольвалася толькі віншаваннямі і апладысментамі. Сам спецыяльны прыз Марыя Магільная атрымае сёння ўвечары на ўрачыстым адкрыцці «Славянскага базару» ў Летнім амфітэатры з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Таксама дзяўчынка выканае песню на адной сцэне з вядомымі артыстамі – гэта яшчэ адна ўзнагарода, акрамя дыплома ўладальніка Гран-пры і $ 5 тыс.

Між тым лаўрэатам першай прэміі (грашовы прыз $ 3 тыс.) стаў Эрык Мкртчан з Арменіі. Другую прэмію і $ 2 тыс. падзялілі Сесіл з Балгарыі і Ержан Максім з Казахстана, а трэцюю прэмію і $ 1 тыс. – расіянка Кацярына Крэтава і македонка Марыя Спасоўска. Традыцыйна былі ўручаны і спецыяльныя прызы Парламенцкага схода Саюза Беларусі і Расіі – іх ўладальніцамі сталі канкурсанткі з гэтых краін. Акрамя таго, спецпрызы ад журы атрымалі прадстаўнікі Македоніі, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Кыргызстана, Ізраіля, ЗША, Грэцыі, Літвы.

Як распавяла Марыя Магільная, яна марыла трапіць на вакальны конкурс «Славянскага базару ў Віцебску», паколькі ён для ўсіх яго ўдзельнікаў становіцца трамплінам. Дзяўчынка таксама двойчы ўдзельнічала ў адборах на дзіцячае «Еўрабачанне» і не губляе надзею стаць лепшай сярод прэтэндэнтаў на паездку на гэты міжнародны конкур.

Марыі Магільнай 12 гадоў, вакалам яна займаецца з 4-гадовага ўзросту. Дзяўчынка таксама вучыцца іграць на фартэпіяна на працягу 6 гадоў, у дзяцінстве займалася народнымі танцамі. Паколькі Маша часты ўдзельнік розных конкурсаў, а гэта азначае частыя раз’езды і вялікую колькасць часу на падрыхтоўку, дзяўчынка прывыкла выконваць сваю працу хутка і якасна. Гэта датычыцца і вучобы ў гімназіі, дзе яна добра спраўляецца з праграмай.

Марыя любіць пісаць песні, у гэтым ёй дапамагае педагог. Юная зорачка займаецца ў арт-студыі «Анёлы дабра» ў Магілёве. Сваю будучыню спадзяецца звязаць з кіно. «Мару стаць актрысай, якая спявае і танчыць», – сказала яна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая