Рус Бел Eng 中文

Масавую зарадку правядуць у Магілёве 31 мая

Масавую гарадскую «Зарадку для ўсіх!» з удзелам бронзавага прызёра Алімпіяды 1996 года ў Атланце па акадэмічным веславанні Аляксандры Зубарэнка (Панькінай) правядуць на плошчы Зорак у Магілёве 31 мая. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Спартыўнае мерапрыемства ў 12.00 дасць старт гарадской акцыі «Моладзь супраць тытуню», якая завершыць маштабны рэспубліканскі інфармацыйна-адукацыйны праект пад аналагічнай назвай, які праходзіў у Магілёўскай вобласці на працягу месяца.

Праграмай запланавана работа інфармацыйна-адукацыйных, спартыўных пляцовак, «Фотазоны пазітыву», канцэртная праграма, падрыхтаваная ДУДА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка»» г. Магілёва». Тут жа, на плошчы Зорак, падвядуць вынікі абласнога конкурсу сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на самы лепшы інфармацыйна-адукацыйны матэрыял на тэму «Чыстая будучыня – у чыстай сучаснасці!». Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі і салодкімі падарункамі ад ААТ «Магілёўская фабрыка марожанага».

Штогод 31 мая ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень без тытуню, які быў устаноўлены ў 1988 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. У гэтым годзе ён праходзіць пад дэвізам «Тытунь і хваробы сэрца».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая