Рус Бел Eng 中文

Мастакі з васьмі краін возьмуць удзел у пленэры «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве»

У Магілёве 23 верасня будзе дадзены старт XXIII Міжнароднага пленэру па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». У гэтым годзе яго прысвецяць 200-годдзю з дня нараджэння вядомага рускага партрэтыста беларускага паходжання Сяргея Заранкі, паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава Аляксандр Хахракоў.

Больш за 20 таленавітых жывапісцаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Украіны, Ізраіля, Арменіі, Азербайджана і Грузіі наведаюць малую радзіму Сяргея Заранкі – в. Ляды ў Віцебскай вобласці, дзе ўскладуць кветкі да мемарыяльнай дошкі мастака і будуць працаваць над эцюдамі. Асноўны час для творчасці госці, як вядомыя майстры пэндзля, так і маладыя мастакі, правядуць на Магілёўшчыне.

У Слаўгарадскім раёне мастакі пазнаёмяцца ў мясцовым музеі з экспазіцыяй майстра партрэта Фёдара Тулава, наведаюць і ўскладуць кветкі да яго магілы на гарадскіх могілках, а таксама папрацуюць у маляўнічых ваколіцах знакамітай Блакітнай крыніцы (помнік прыроды рэспубліканскага значэння). Майстроў пэндзля чакае шырокая экскурсія па Мсціславе і раёне з наведваннем найстарэйшай праваслаўнай мясціны – Пустынскага манастыра. Яны таксама прымуць удзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі мастакоў-авангардыстаў Ізраіля Басава (ураджэнец Мсціслава) і пазнаёмяцца з выставай работ майстра ў раённым гісторыка-археалагічным музеі, прадстаўленай яго сынам Мацвеем Басавым. Акрамя таго, удзельнікі пленэру пабываюць на канцэрце Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які пройдзе падчас фестывалю мастацтваў імя Мікалая Чуркіна.

Вядомымі мастакамі будуць таксама напісаны два партрэты выдатных магілёўскіх музыкаў-дырыжораў Генадзя Багамолава і Сяргея Лішчанкі. Іх і іншыя творы можна будзе ўбачыць на выніковай выставе пленэру, якая адкрыецца 3 кастрычніка ў абласным мастацкім музеі. Па традыцыіпа тры палатны мастакі падораць установе культуры.

«Мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб час, праведзены таленавітымі мастакамі на магілёўскай зямлі, ім запомніўся, натхніў на напісанне шэдэўраў, – адзначыў АляксандрХахракоў. – Важна, што пленэр аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцяў і рэлігій, дзякуючы гэтаму адбываецца культурнае ўзаемаабагачэнне, што садзейнічае развіццю мастацтва, умацаванню дружбы і супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі і народамі».

Пленэр калісьці пачынаўся як беларуска-расійскі, а вырас да міжнароднага ўзроўню. З кожным годам расце яго папулярнасць. Пра яго ведаюць не толькі ў блізкім, але і далёкім замежжы. Многія вядомыя мастакі імкнуцца сюды прыехаць, каб пагутарыць з калегамі, абмяняцца вопытам і атрымаць творчае натхненне.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая