Рус Бел Eng 中文

Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» пройдзе ў Магілёве 24-28 красавіка

VI Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» пройдзе з 24 па 28 красавіка ў Магілёве. У мерапрыемстве прымуць удзел спецыялісты па вывучэнні фальклору і традыцыйнай культуры з дзесяці краін блізкага і далёкага замежжа: Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Кыргызстана, Украіны, Кітая.

Пачнецца форум 25 красавіка ў 10.00 на пляцоўцы каля будынка Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Тут адбудзецца свята «Сябрына беларускага майстэрства», дзе творчыя калектывы рэгіёна прадставяць фальклорную спадчыну Прыдняпроўскага краю: побытавыя танцы, валачобныя песні, найгрышы, карагоды і іншае. Таксама гасцям пакажуць традыцыі вырабу саламяных павукоў у Быхаўскім раёне – нематэрыяльнай спадчыны рэгіёна, якая ў 2017 годзе ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва правядуць серыю майстар-класаў.

У фае цэнтра размесцяцца экспазіцыі абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя», рэгіянальнага конкурсу-выставы аксесуараў і элементаў да традыцыйнага і стылізаванага народнагакасцюма«Свет формы і колеру», агляду-конкурсу «Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі», спаборніцтвы на самы лепшы выраб жаночых і мужчынскіх галаўных убораў Магілёўшчыны ў традыцыйным і сучасным стылях.

У праграму першага дня ўвойдуць дэфіле-дэманстрацыя традыцыйнага беларускага касцюма і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Нацыянальны касцюм як элемент гістарычнай спадчыны ў сучаснай культуры». У 14.00 у канцэртнай зале «Магілёў» адбудзецца ўрачыстае адкрыццё форуму.

У наступныя дні запланавана ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу-выставы «Свет формы і колеру», тэатралізаванае фальклорнае прадстаўленне «Кола жыцця».

26 красавіка ў 17.00 на пляцоўцы каля будынка абласнога метадычнага цэнтра адбудзецца свята «Скарбніца Падняпроўя», якое ўключае тэматычныя тэатралізаваныя экспазіцыі святаў і абрадаў народнага календара беларусаў. Тут жа пазнаёмяць жадаючых са стравамі рэгіянальнай кухні, фальклорна-гульнявымі праграмамі і фрагментамі абрадаў.

27 красавіка ў 11.00 у канферэнц-зале цэнтра адбудзецца прэс-канферэнцыя, пасля якой удзельнікі форуму адправяцца ў Мсціслаўскі раён для знаёмства з вопытам работы ўстаноў культуры.

Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» накіраваны на развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязяў, абмен духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі, а таксама вопытам работы па захаванні і актуалізацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Акрамя таго, мерапрыемства спрыяе папулярызацыі найлепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры і мастацтва.

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая