Рус Бел Eng 中文

Музыка Манюшкі, Чуркіна і Лучанка прагучыць на канцэрце ў Магілёве

Магілёўская гарадская капэла прадставіць 24 лістапада ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава творчы праект «Беларуская мазаіка», паведаміў мастацкі кіраўнік капэлы Сяргей Лішчанка.

У канцэртнай праграме прагучаць творы таленавітых кампазітараў розных пакаленняў. Пры гэтым жыццё і творчасць некаторых з іх цесна звязана з Магілёвам.

Гледачы змогуць атрымаць асалоду ад сюіты для хору «Каханне» ў апрацоўцы беларускага і літоўскага кампазітара Канстанціна Галкоўскага і шэдэўрам любоўнай лірыкі Максіма Багдановіча «Зорка Венера» ў апрацоўцы Анатоля Багатырова. У канцэрце таксама прагучыць першы нацыянальны сімфанічны твор – сімфаніета «Беларускія малюнкі» заснавальніка беларускай кампазітарскай школы Мікалая Чуркіна, часткі з кантаты «Мадонна» на словы Франчэска Петраркі – класіка польскай музыкі, народжанага на беларускай зямлі, Станіслава Манюшкі, вакальна-сімфанічная паэма «Вайна не патрэбна» народнага артыста СССР і Беларусі, кампазітара Ігара Лучанка і інш. Упершыню ў Магілёве прагучыць і кантата «Песні Белай Русі» Алега Хадоскі.

На вечар музыкі запрошаны ў якасці дырыжора заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Рыгор Сарока (г.Маладзечна), а таксама кампазітары Алег Хадоска і юная таленавітая дзяўчына Вераніка Кунічкіна (г. Мінск), творы якіх прагучаць падчас канцэрту.

«Традыцыя такіх канцэртаў з удзелам вядомых музыкаў, заслужаных дзеячаў мастацтваў Беларусі была закладзена роўна год таму ў горадзе на Дняпры. І менавіта тады калегіяльна было прынята рашэнне праводзіць штогод канцэрты па творах нацыянальнай музычнай класікі. Наступны наш праект будзе прысвечаны творчасці вядомага беларускага кампазітара Ігара Лучанка», – паведаміў Сяргей Лішчанка.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая