Рус Бел Eng 中文

На галоўнай ёлцы краіны пабывалі 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з Магілёўскай вобласці

У традыцыйным рэспубліканскім навагоднім свяце, якое праходзіла ў межах дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», прынялі ўдзел 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з Магілёўскай вобласці. У іх лік увайшлі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў і выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, а таксама пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, юныя грамадскія актывісты.

26 снежня хлапчукі і дзяўчынкі пабывалі ў сталічным цырку на навагоднім паказе, танцавалі на дыскатэцы, займаліся ў спартзале, удзельнічалі ў вясёлых гульнях, конкурсах, віктарынах і іншых мерапрыемствах вялікай забаўляльнай праграмы. А 27 снежня ў Палацы Рэспублікі цёпла павіншаваў дзяцей З Надыходзячым Новым годам прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

«Дарагія сябры, вы – галоўны здабытак нашай Беларусі. Гэта не проста прыгожыя словы, за гэтымі словамі – шчырая любоў, жаданне клапаціцца і абараняць», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў дарослых ёсць вялікая колькасць падстаў ганарыцца падрастаючым пакаленнем беларусаў. «Гэта ваш паспяховы ўдзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, спаборніцтвах, алімпіядах. Было прыемна даведацца, што маленькія жыхары нашай краіны актыўна ўключыліся ў мерапрыемствы, звязаныя з Годам малой радзімы, зрабілі шмат добрых спраў у сваіх гарадах, сёлах, маленькіх вёсачках, каб добраўпарадкаваць іх», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў дзецям вясёлых зімовых канікул і шчаслівага Новага года. У Палацы Рэспублікі для іх падрыхтавалі маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу ў выкананні найлепшых творчых калектываў, насычаную культурную праграму і падарункі ад імя Прэзідэнта.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая