Рус Бел Eng 中文

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк сустрэўся з ідэалагічным актывам Магілёўскай вобласці

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк сёння сустрэўся з ідэалагічным актывам Магілёўскай вобласці. Палілог адбыўся ў Палацы культуры вобласці, перадае карэспандэнт сайта.

У абмеркаванні шляхоў выбудоўвання ідэалагічнай работы ў сучасных умовах прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксей Дзербін, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, кіраўнікоў адміністрацый у гарадах, якія курыруюць пытанні развіцця сацыяльнай сферы, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, намеснікі па ідэалагічнай працы найбольш буйных арганізацый, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, СМІ.

«Пры выбудоўванні ідэалагічнай працы ў сучасных хутка зменлівых умовах трэба зыходзіць з таго, што няма раз і назаўжды ўстаноўленых шаблонаў, – падкрэсліў падчас сустрэчы Уладзімір Жаўняк. – Формы і метады ідэалагічнай работы павінны вызначацца на месцах, зыходзячы з існуючых умоў канкрэтнага раёна, арганізацыі, інтарэсаў сацыяльнай групы або канкрэтнага чалавека. Калі гэтага не зразумець, вынікаў у працы не будзе».

Пры гэтым задачы ідэалагічнай работы застаюцца ранейшымі: прыцягненне насельніцтва да актыўнай эканамічнай, сацыяльнай і грамадскай дзейнасці, уважлівыя адносіны да людзей, вывучэнне і задавальненне іх патрэбаў, умацаванне даверу грамадзян да ўлады, адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Агульнымі павінны застацца і базавыя прынцыпы ідэалагічнай працы: уважлівае стаўленне да людзей, улік розных меркаванняў і інтарэсаў, арыентаванасць на вынік, адкрытасць і адказнасць перад грамадзянамі. «У сферы ідэалогіі нам трэба выбудаваць добрую сістэму прамой працы з людзьмі, асучасніць яе. І гэтай працай трэба займацца ўсім, уключаючы кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый», – сказаў Уладзімір Жаўняк.

На яго думку, неабходна якаснае змяненне ідэалагічнай працы. Варта пераходзіць ад уздзеяння на аўдыторыю да ўзаемадзеяння з ёй. «Сёння, як і ўвесь свет, большасць беларусаў жыве ў мультыінфармацыйнай прасторы, – звярнуў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. – Веды і навіны, дзякуючы новым камунікатыўным тэхналогіям, сталі агульнадаступнымі. У кожнага карыстальніка ёсць шмат крыніц інфармацыі. Атрымліваць і абменьвацца ёю стала лёгка, затое схаваць складана. Каб данесці свае ідэі да шырокай аўдыторыі, дастаткова пакінуць каментарый на форуме, напісаць пост на старонцы ў сацсетцы, зняць і размясціць ролік. І пра іх амаль адразу даведаюцца сотні і тысячы людзей не толькі ў рэгіёне, але і па ўсёй Беларусі». У гэтых умовах ідэалагічны актыў павінен авалодаць новымі сродкамі камунікацыі, умець іх прымяняць, працаваць з рознымі катэгорыямі грамадзян, весці дыялог, аргументавана спрачацца, купіраваць канфлікты, праводзіць інфармацыйныя кампаніі.

«Сёння нельга проста давесці да людзей агульную інфармацыю праз мясцовую газету ці тэлеканал, агучыць на сустрэчы з працоўным калектывам і на гэтым супакоіцца, – заўважыў Уладзімір Жаўняк. – Людзі ўжо не прымаюць аднабаковай сувязі «выканкам – насельніцтва». Яны хочуць атрымліваць канкрэтныя адказы на свае пытанні, ведаць, што іх праблему заўважылі, удзельнічаць у абмеркаванні планаў развіцця раёна і горада, уплываць на рашэнні. Таму раённыя газеты, мясцовыя радыё і тэлебачанне, а, галоўнае, іх групы ў сацсетках павінны ператварыцца з простага транслятара афіцыйнай інфармацыі ў паўнавартасныя пляцоўкі для абмену думкамі, месца сустрэчы і дыялогу неабыякавых, ініцыятыўных людзей і мясцовых уладаў».

Гаворачы аб умацаванні аўтарытэту дзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, Уладзімір Жаўняк звярнуў увагу, што ва ўмовах грамадскага попыту на ініцыятыву, крэатыўнасць і дынамічнасць неабходна пераходзіць на іншы прынцып працы – сеткавы: калі мэта ва ўсіх адна, а шляхі яе дасягнення – розныя. Пры гэтым асноўныя напрамкі ідэалагічнай работы такіх арганізацый павінны заставацца ранейшымі: фарміраванне ў людзей разумення нацыянальных інтарэсаў, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, гатоўнасці да абароны суверэнітэту краіны, садзейнічанне сацыяльнаму і прафесійнаму станаўленню моладзі, падтрымка традыцыйных сямейных і культурных каштоўнасцяў. Аднак рэалізацыя іх павінна адбывацца не на фоне масавых мерапрыемстваў, акцый, а праз рэальныя практычныя дзеянні. Уцягванне грамадскіх актывістаў на рашэнне канкрэтных мясцовых сацыяльных задач дазволіць стварыць ім умовы для самарэалізацыі, разгрузіць уладную вертыкаль у розных сферах.

Закрануў Уладзімір Жаўняк і тэму працы з моладдзю. Сучасныя маладыя беларусы – гэта першае пакаленне, якое нарадзілася і вырасла ў суверэннай краіне, падкрэсліў ён. Ім ўласціва пачуццё свабоды і незалежнасці, мэтанакіраванасць, адукаванасць і прафесіяналізм. Як і маладыя людзі ва ўсім свеце, яны характарызуюцца высокай інфармацыйнасцю, глыбокай пагружанасцю ў інтэрнэт-камунікацыі, незалежнасцю меркаванняў. У той жа час ёсць моманты, якія моладзь уносіць у разрад праблемных: складанасць самарэалізацыі, недахоп працоўных месцаў з годнай аплатай для стварэння сям’і і падтрымання яе дабрабыту ў будучыні. Усё гэта неабходна ўлічваць, і на мясцовым узроўні старацца ствараць умовы для замацавання маладых кадраў у краіне.

Абмяркоўваючы спецыфіку працы прадстаўнічай улады на месцах, Уладзімір Жаўняк канстатаваў: дзейнасць дэпутатаў, арганізаваная, як раней, ужо не задавальняевыбаршчыка. Грамадзяне чакаюць ад народных выбраннікаў адкрытасці, высокай публічнай актыўнасці, настойлівасці ва ўзаемадзеянні з выканаўчай уладай пры вырашэнні сацыяльных праблем насельніцтва. Прыярытэтамі ў працы саветаў дэпутатаў павінны стаць выяўленне, абагульненне і шырокае абмеркаванне запытаў насельніцтва, пошук алгарытмаў іх рашэння.

«Кансалідацыя грамадства, згода паміж сацыяльнымі групамі, фарміраванне ў насельніцтва актыўнай грамадзянскай пазіцыі, стымуляванне гатоўнасці людзей вырашаць уласныя і грамадскія праблемы – вось ключавыя задачы ў працы ўлады і ідэалагічнай вертыкалі», – сказаў на заканчэнне намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Падчас сустрэчы Уладзімір Жаўняк адказаў на шэраг пытанняў, якія хвалявалі ідэалагічны актыў Магілёўскай вобласці. У прыватнасці, прысутных цікавілі асноўныя змены ў законе аб СМІ, якія ўступяць у сілу з 1 снежня 2018 года, аспекты ўдасканалення структуры ідэалагічнай вертыкалі, максімальна эфектыўныя шляхі выбудоўвання ўзаемадзеяння журналістаў з прадстаўнікамі выканаўчай улады і інш. Сярод іншых таксама паступіла прапанова разгледзець магчымасць стварэння рэспубліканскага каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў.

«Увесну будучага года плануем правесці маштабны форум з удзелам усіх грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, – адзначыў Уладзімір Жаўняк. – Адным з пытанняў на ім будзе абмяркоўвацца стварэнне рэспубліканскага каардынацыйнага савета. У краіне дзейнічаюць дзясяткі грамадскіх структур, якія падтрымліваюць дзяржаўную палітыку, вядуць канструктыўны дыялог з мясцовымі органамі ўлады, але кожная з іх як бы дзейнічае сама па сабе. У выніку без каардынацыі і ўзаемадзеяння мы ў чымсьці недапрацоўваем і не атрымліваем належнага эфекту. Каардынацыйны орган дапаможа выпрацоўваць агульную пазіцыю па рашэнні таго ці іншага пытання, праблемы, у тым ліку дапаможа больш эфектыўна працаваць у падрыхтоўцы маючых адбыцца электаральных кампаній».

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ў Палацы культуры вобласці таксама азнаёміўся з выставай-прэзентацыяй вопыту ідэалагічнай работы ў рэгіёне і прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю ВЛКСМ.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая

Чытайце таксама ў катэгорыі "грамадства":