Рус Бел Eng 中文

Новае аблічча да абласных “Дажынак” у Клічаве набылі 66 аб’ектаў

Новае аблічча да абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”, якое пройдзе ў Клічаве 7 кастрычніка, атрымалі 66 аб’ектаў, у тым ліку 25 сацыяльнай сферы. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Клічаўскага райвыканкама Францішак Вашчыла, як перадае карэспандэнт сайта.

Змяніліся цэнтральныя вуліцы і галоўная плошча горада. Паклалі новы асфальт, пешаходныя дарожкі, разбілі зоны адпачынку, клумбы і кветнікі, устанавілі сучаснае асвятленне, малыя архітэктурныя формы, добраўпарадкавалі двары. Капітальна адрамантавалі 18 жылых шматкватэрных дамоў, палова з іх з заменай даху, сантэхнічнага абсталявання, 13 падлягалі бягучаму рамонту.

Метадам народнай будоўлі прыведзены ў парадак гарадскі парк. Шмат зроблена і па аб’ектах адукацыі. Дзякуючы ўнутраным і знешнім спонсарам з’явіліся чатыры спартыўныя гульнявыя пляцоўкі.

У ліку самых значных па выдатках і аб’ёмах выкананых работ – дзіцячая школа мастацтваў, якая сёння адкрылася ў райцэнтры, і абноўлены Дом культуры, дзе рамонтныя работы набліжаюцца да фінішу. Тут з 1949 года – часу ўводу ў строй будынка ўстановы – не праводзіўся капрамонт. Не было водаправода, каналізацыі, а ацяпляўся будынак уласнай кацельнай. Цяпер у Доме культуры створаны самыя камфортныя ўмовы для працы творчых людзей.

У навядзенні парадку ў раённым цэнтры ўдзельнічалі ўсе. У рамонтных працах былі задзейнічаны каля 300 будаўнікоў «Магілёўаблдарбуда», «Магілёўаблсельбуда», Клічаўскага «Жылкамгаса», прыватных арганізацый. Матэрыяльнымі рэсурсамі і спонсарскімі ўкладамі дапамагалі ААТ «Бабушкина крынка», «Магілёўаблгаз», «Магілёўэнерга», абласное лесагаспадарчае аб’яднанне і інш. Актыўны ўдзел у навядзенні парадку і добраўпарадкаванні Клічава прынялі мясцовыя жыхары, і ў дзень «Дажынак» будуць падведзены вынікі ініцыяванага райвыканкамам конкурсу на самы лепшы двор і домаўладанне.

Усяго на падрыхтоўку да абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі было накіравана каля Вr10 млн. бюджэтных сродкаў. На сённяшні дзень гатоўнасць райцэнтра да прыёму гасцей складае 98-99%. Засталіся апошнія штрыхі – добраўпарадкаванне тэрыторыі і навядзенне парадку на аб’ектах. “Упэўнены, што ўсё зробленае дастойна ацэняць гараджане і тыя, хто прыедзе да нас на «Дажынкі»”, – адзначыў Францішак Вашчыла.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая