Рус Бел Eng 中文

Новы аперацыйны корпус абласнога анкадыспансера адкрылі ў Магілёве

Новы аперацы​йны корпус абласнога анкадыспансера адкрылі сёння ў Магілёве. Увод яго ў строй дазволіць установе аховы здароўя выйсці на новы ўзровень лячэння злаякасных утварэнняў. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, выканаўчай улады вобласці і горада, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, калектыў медработнікаў.

Будаўнічыя работы працягваліся крыху больш за паўтара года. Узвядзенне дадзенага будынка было абумоўлена часам: стары аперблок маральна і фізічна састарэў. У анкалагічную сферу прыйшлі новыя тэхналогіі і абсталяванне, а асноўны метад барацьбы са злаякаснымі ўтварэннямі застаўся ранейшым – хірургічнае ўмяшальніцтва. Таму, каб аказваць насельніцтву кваліфікаваную, якасную і эфектыўную дапамогу, неабходны быў сучасны аперацыйны блок, які б дазволіў рухацца наперад у засваенні і ажыццяўленні новых відаў і тыпаў аперацый, уключаючы электрахірургічныя і камбінаваныя складаныя.

На першым паверсе новага корпуса размясцілася цэнтралізаванае стэрылізацыйнае аддзяленне і канферэнц-зала, на другім – аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Вышэй – аперацыйныя аддзяленні і лабараторыя тэрміновых цыталагічных і гісталагічных даследаванняў. Тут устанавілі абсталяванне вядучых сусветных кампаній, у тым ліку беларускіх: лапараскапічнае, стэрылізацыйнае, наркозна-дыхальнае і іншае. Такім чынам, у адным месцы стаў даступны ўвесь комплекс медпаслуг, неабходных для аказання спецыялізаванай хірургічнай дапамогі хворым на рак.

«На жаль, сёння праблема лячэння анкалагічных захворванняў актуальная для ўсяго свету, не выключэнне і Беларусь, – адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця корпуса старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. – Дзякуючы навуцы, трапяткім адносінам да гэтага пытання кіраўніка дзяржавы, мы ўвесь час атрымліваем новыя формы лячэння, прагназавання захворванняў. Гэта дае больш шанцаў выратаваць чыё-небудзь жыццё».

У Магілёўскай вобласці ў апошнія гады зроблена нямала па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя, павышэнні якасці і эфектыўнасці аказання медыцынскай дапамогі, падкрэсліў губернатар. Акрамя ўводу ў строй новага корпуса анкадыспансера, тут яшчэ створана сучасная цыталагічная лабараторыя. У найбліжэйшы час лабараторыя харчовых прадуктаў з’явіцца ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У 2018 годзе плануецца ўвод у строй пасля рэканструкцыі радзільнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Вядзецца будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса ў Асіповіцкай райбальніцы.

«Хірургія і рэанімацыя – сэрца любой установы, – заўважыў намеснік Міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. – Пры будаўніцтве новага корпуса анкадыспансера былі прыкладзены ўсе сілы, каб аб’яднаць два паняцці: рацыяналізм і максімальную гатоўнасць да аказання высокакваліфікаванай дапамогі. Думаю, тэхналогіі, якія будуць прымяняцца тут, дазволяць выканаць адну з найважнейшых задач у галіне развіцця анкалагічнай службы – узмацніць раннюю дыягностыку і хірургічнае выдаленне пухлін на пачатковых стадыях, каб прадухіліць іх развіццё і даць чалавеку шанец жыць нармальна».

Ігар Ласіцкі падкрэсліў, што паспяховае функцыянаванне лячэбных устаноў у сучасных умовах немагчымае без адкрыцця новых падраздзяленняў. Таму Міністэрства аховы здароўя ўважліва ставіцца да таго, якім чынам адбываецца іх аснашчэнне, якія выкарыстоўваюцца тэхналогіі і, са свайго боку, спрабуе дапамагчы вырашыць праблемныя пытанні.

Паводле слоў дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Алега Суконка, анкалогія – адзін з найбольш затратных, навукаёмістых напрамкаў у медыцыне, які актыўна развіваецца ў апошнія гады. Аднак, выкарыстоўваючы найноўшую тэхніку, падыходы да правядзення аперацый, урачы не павінны забываць аб значных момантах: анкалагічныя хворыя – самыя складаныя ва ўсёй медыцыне, таму дыялог з імі абавязковы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая