Рус Бел Eng 中文

Новы корпус магнітна-рэзананснай тамаграфіі адкрылі ў Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі

Новы корпус магнітна-рэзананснай тамаграфіі сёння адкрылі ў Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Трохпавярховая прыбудова да існуючага лячэбна-дыягнастычнага корпуса медыцынскайустановы размясцілася па вуліцы Карла Маркса, паведамляе карэспандэнт сайта.

Сродкі на будаўніцтва, а гэта каля Br2 млн., былі вылучаны з абласнога і гарадскога бюджэтаў. Узвялі аб’ект спецыялісты мясцовага будтрэста №17 за 9 месяцаў. Яго размяшчэнне прапрацавана з магчымасцю трапіць унутр пацыентам ў любым стане і з любога боку будынка. На верхніх паверхах знаходзяцца дапаможныя памяшканні, адміністрацыйная і бухгалтарска-эканамічная службы бальніцы, якія да гэтага часу былі раскіданы па розных карпусах. На першым ўсталявалі новы МТР.

Апарат коштам каля 540 тыс. еўра быў набыты за сродкі Міністэрства аховы здароўя ў канцы мінулага года. Аднак зманцірававаць 18-тонны тамограф на месца ранейшага, які адпрацаваў тэрмін эксплуатацыі, адразу не ўяўлялася магчымым па прычыне асаблівых умоў устаноўкі. Менавіта таму і было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага корпуса.

Сучасны апарат менш энергаёмісты ў параўнанні з аналагамі, характарызуецца нізкім узроўнем шуму, просты ў абслугоўванні і валодае значным тэрмінам эксплуатацыі. З яго дапамогай можна праводзіць агляды ўнутраных органаў, касцяных тканін, галаўнога, спіннога мозгу, суставаў, сасудаў і інш. Дзякуючы спецыяльным камп’ютарным праграмам дасягаецца высокая дакладнасць даследаванняў, што дапамагае хутчэй выяўляць захворванні і паталогіі на ранняй стадыі. Акрамя таго, адметнай асаблівасцю Магілёўскага магнітна-рэзананснага тамографа з’яўляецца тое, што ён адкрытага тыпу. Адсутнасць закрытага корпуса дае магчымасць праходзіць МРТ людзям з вагой да 200 кг (папярэднія пакаленні тамографа мелі верхні парог у 125 кг). Прасцей будзе і пацыентам, якія пакутуюць клаўстрафобіяй, дзецям.

Пакуль тамограф працуе на дзве змены, але з пачатку 2019 года нагрузка будзе кругласутачнай.

Адкрыццё новага корпуса гарадской бальніцы – не апошні этап у развіцці медыцынскай установы. На чарзе – завяршэнне рэканструкцыі радзільнага дома, мадэрнізацыя іншых карпусоў, адзначыў на цырымоніі міністр аховы здароўя Валерый Малашка. Ён падкрэсліў, што высокія тэхналогіі – неад’емная частка сучаснай сістэмы аховы здароўя. Магнітна-рэзанансная і камп’ютарная тамаграфія – гэта тое, на што робіцца стаўка ў дыягностыцы і своечасовасці аказання медыцынскай дапамогі, стварэнні рэгіянальных цэнтраў. «У краіне прыняты курс на сціранне межаў рэгіянальных, міжабласных, міжраённых медустаноў. Гэта значыць грамадзянін павінен атрымаць дапамогу ў той установе, якая найбольш блізкая для аказання меддапамогі», – сказаў Валерый Малашка.

Паводле слоў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, у апошнія гады ў рэгіёне сталі сур’ёзна падыходзіць да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. Толькі ў 2017 годзе ў Магілёве ўведзены ў строй тры важныя сацыяльныя аб’екты: хірургічны корпус і цыталагічная лабараторыя ў абласным анкадыспансеры, лабараторыя даследаванняў харчовых прадуктаў на базе абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Такая праца будзе працягнута. Вядзецца будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса райбальніцы ў Асіповічах. Неўзабаве маюць намер прыступіць да рэканструкцыі Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы. Таксама ў горадзе на Бярэзіне плануецца ўсталяваць апарат МРТ. «Попыт на такія дыягнастычныя даследаванні ў вобласці вельмі высокі, – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. – За год праводзіцца каля 60 тысяч даследаванняў на апаратах МРТ і прыкладна столькі ж на камп’ютарных тамографах. А з уводам у эксплуатацыю корпуса магнітна-рэзананснай тамаграфіі гэта дапамога стане больш даступнай і больш якаснай».

У сваю чаргу галоўны ўрач бальніцы Павел Арахоўскі падзякаваў за дапамогу, падтрымку і разуменне ўсім, хто прымаў удзел у будаўніцтве і аснашчэнні новага корпуса. Ён заўважыў, што пытанне, якое тычыцца МРТ, было самым актуальным падчас сустрэч з выбаршчыкамі, якія праводзіў цяперашні дэпутат абласнога Савета напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь. З моманту, калі папярэдняя тэхніка выпрацавала рэсурс і выйшла з ладу, да запуску новага апарата прайшло паўтара года.

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна