Рус Бел Eng 中文

Новы мост праз Сож паспрыяе развіццю эканомікі ўсёй Магілёўскай вобласці – Анатоль Калінін

Мост праз Сож, які ўзводзяць у Слаўгарадскім раёне, паспрыяе развіццю эканомікі ўсёй Магілёўскай вобласці, заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін.

З Крычава па Сожы прыбылі металічныя пралётныя канструкцыі для ўзвядзення маставога пераходу праз раку. Дзве маставыя канструкцыі вышынёй больш за 15 м. і масай 240 т. кожная на баржах штатна прыбылі ў прызначаны час. «Гэта сведчыць аб якаснай інжынернай і тэхнічнай прапрацоўцы рэалізацыі гэтага праекта. Доўгачаканы мост – гэта дарога ў развіццё эканомікі не толькі Слаўгарадскага раёна, але і Магілёўскай вобласці», – адзначыў Анатоль Калінін.

Працягласць моста складзе 500 м, увесь пабудаваны ўчастак зойме каля 7 км. Паводле слоў намесніка Прэм’ер-міністра, больш за BR 40 млн будзе накіравана на будаўніцтва маста ў бліжэйшыя некалькі гадоў. Работы плануецца завяршыць у 2019 годзе. «У залежнасці ад нашых магчымасцей мы будзем паскараць гэты працэс», – падкрэсліў Анатоль Калінін.

Будаўніцтва стацыянарнага маста праз Сож пачалося восенню 2016 года. Інжынерны аб’ект узводзяць на 5-м км аўтадарогі Р140 Слаўгарад – Краснаполле. Ён звяжа напрамую два раёны – Слаўгарадскі і Краснапольскі, палепшыўшы лагістыку транспартных зносін з выхадам на прыгранічныя раёны Расіі. Таксама гэта дасць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць сельскагаспадарчыя ўгоддзі, пацягне за сабой больш актыўнае развіццё сацыяльнай інфраструктуры, прадпрымальніцтва, фермерства і турызму на тэрыторыі, раней адрэзанай Сожам, а гэта каля 6 тыс. га ворных зямель і восем населеных пунктаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая