Рус Бел Eng 中文

Новыя яслі-сад адкрылі ў Магілёве

Новыя яслі-сад сёння ўрачыста адкрылі ў Магілёве. Сацыяльны аб’ект, якому прысвоілі нумар 117, размясціўся ў той частцы мікрараёна Казіміраўка, дзе ў апошнія гады вядзецца актыўнае жыллёвае будаўніцтва.

Ужо ў гэтым месяцы яркі і вясёлы жоўта-памяранцавы трохпавярховы будынак прыме 40 дзяцей. Усяго ж у хуткім часе тут будуць выхоўвацца каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак у 13 групах, у тым ліку адной санаторнай.

Яслі-сад укамплектаваны сучасным абсталяваннем, мноствам цацак. Лесвічныя пралёты, калідоры ўпрыгожваюць малюнкі. Тут ёсць прасторныя музычны, спартыўны, танцавальны залы, а таксама медыцынскі блок, які ўключае інгаляторый, кабінеты фізія-, святлолячэння, масажны. Абсталявана па апошнім слове тэхнікі кухня, каб якасць ежы была высокай, а стравы – разнастайнымі.

Адкрываючы яслі-сад, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў: увод у строй новых сацыяльных аб’ектаў гаворыць аб тым, што рэгіён і краіна развіваюцца, што ў людзей, якія жывуць тут, ёсць будучыня.

Паводле слоў кіраўніка Прыдняпроўскага краю, у цэлым вобласць нядрэнна забяспечана дашкольнымі ўстановамі. Нягледзячы на гэта, у новых мікрараёнах усё ж існуе праблема недахопу месцаў у садках, і бацькі вымушаны кожны дзень вазіць дзяцей ва ўстановы адукацыі, размешчаныя ўдалечыні ад дома. Такая сітуацыя была і ў Казіміраўцы. У апошнія гады раён, які на самай справе не такі ўжо і малады, атрымаў вялікі штуршок у развіцці. Наваселлі, у тым ліку ў сацыяльных дамах, тут святкуюць штогод, і ў асноўным маладыя сем’і. Аднак да сённяшняга моманту хлопчыкаў і дзяўчынак прымалі толькі два дзіцячыя садкі, разлічаныя па праектах на 330 дзяцей. Натуральна, жадаючых трапіць сюды было значна больш гэтай колькасці, і прапускная здольнасць перавышала 30%.

Уладзімір Даманеўскі адзначыў: новы сад узводзіўся ў найкарацейшыя тэрміны. На працягу года будаўнікі падарылі жыхарам мікрараёна прыгожы сацыяльны аб’ект. І хоць магутнасць яго складае 240 месцаў, тут плануюць размясціць больш дзяцей, якія, упэўнены кіраўнік рэгіёна, будуць утульна адчуваць сябе ў прасторным будынку. Тым больш што ўжо ў найбліжэйшы час пачне працаваць басейн.

Гаворачы аб развіцці мікрараёна, мэр горада на Дняпры Уладзімір Цумараў звярнуў увагу, што адкрыццё новых ясляў-сада дало старт абласной акцыі «Эстафета добрых спраў», прымеркаванай да 80-годдзя Магілёўскай вобласці, якое рэгіён адсвяткуе у студзені 2018 года. Таксама ён заўважыў: у сувязі з тым, што сярэдняя школа №19 на дадзены момант працуе ў дзве змены з перавышэннем праектнай магутнасці ў два разы, папярэдне прынята рашэнне аб закладцы ў Казіміраўцы ў наступным годзе агульнаадукацыйнай школы на 1040 месцаў.

Падчас урачыстага адкрыцця ясляў-сада №117 найлепшым работнікам ААТ «Будтрэст №17», якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні дашкольнай установы, былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі аблвыканкама і гарвыканкама. Прадстаўнікі выканаўчай улады таксама перадалі ў падарунак калектыву сада медыцынскае абсталяванне, піяніна і музычны цэнтр.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая