Рус Бел Eng 中文

Падстанцыю хуткай дапамогі плануюць стварыць у мікрараёне Казіміраўка Магілёва

Магчымасці арганізацыі працы новай падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі ў мікрараёне Казіміраўка Магілёва сёння абмеркавалі на пашыранай нарадзе ў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава.

Актуальнасць пытання ў тым, што мікрараён Казіміраўка і суседні Спадарожнік актыўна развіваюцца, колькасць зваротаў у Магілёўскую гарадскую станцыю СМД пастаянна расце. Толькі ў мінулым годзе хуткая выязджала па выкліках больш чым да 11,5 тыс. жыхароў, і сёння колькасць зваротаў з гэтых мікрараёнаў у агульным аб’ёме складае прыкладна 11%. «Хоць ва ўстаноўлены нарматыў часу (15 хвілін па горадзе) у большасці выпадкаў хуткая дапамога ўкладваецца, дабіраючыся з існуючых у горадзе 5 падстанцый да месца прызначэння, але, каб палепшыць абслугоўванне насельніцтва і павысіць аператыўнасць працы медыкаў, трэба ствараць падстанцыю на гэтай тэрыторыі. Бо калі гаворка ідзе аб экстранай дапамозе, то тут кожная секунда дарагая», – лічыць галоўны урач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Басенка.

Паводле яго слоў, улічваючы, што названыя мікрараёны хутка забудоўваюцца жыллём і існуюць перспектыўныя планы іх развіцця, трэба прадугледзець памяшканне для станцыі, не меншае за 300 кв. м, каб арганізаваць працу мінімум 5 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі з магчымасцю павелічэння да 7 брыгад.

Уладзімір Цумараў даручыў аператыўна разгледзіць усе магчымасці размяшчэння станцыі ў мікрараёне Казіміраўка па-за жылымі дамамі. Ён паабяцаў адшукаць сродкі ў гарадскім бюджэце і да свята горада набыць для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадской станцыі СМП тры новыя рэанімабілі хуткай дапамогі, а таксама аказаць садзеянне па мадэрнізацыі абсталявання ўстановы аховы здароўя.

Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі заснавана ў Магілёве ў 1926 годзе. Яна абслугоўвае насельніцтва колькасцю больш за 417 тыс. чалавек. Радыус абслугоўвання ўключае ўсю тэрыторыю Магілёва і Магілёўскага раёна. У склад гарадской станцыі СМД ўваходзяць 5 падстанцый у розных раёнах горада.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая