Рус Бел Eng 中文

Памятны знак ваенным журналістам установяць у Клічаве

Памятны знак журналістам Магілёўшчыны, якія самааддана працавалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, плануюць устанавіць у Клічаве. Ініцыятыву абласнога аддзялення Беларускага саюза журналістаў падтрымалі калектывы выданняў рэгіёна і выканаўчая ўлада, як паведаміла старшыня абласной структуры БСЖ Святлана Шутава.

«Ваенныя карэспандэнты не толькі са зброяй у руках, але і важкім, праўдзівым словам змагаліся з ненавісным ворагам, – сказала Святлана Шутава. – У дзесяці раёнах заходняй часткі Магілёўскай вобласці, дзе найбольш моцна быў разгорнуты партызанскі рух, за гады вайны выпусцілі 420 нумароў газет агульным тыражом 161,6 тыс. экзэмпляраў і 618 розных улётак у колькасці каля 200 тыс. штук».

Месца ўстаноўкі скульптурнай кампазіцыі абрана невыпадкова. Усакінскія лясы ў Клічаўскім раёне ў гады вайны былі цэнтрам партызанскага руху Магілёўшчыны. Менавіта тут выдаваліся Клічаўскі “Голас партызана”, друкаваныя органы Асіповіцкага, Кіраўскага, Бабруйскага райкамаў партыі, абласная газета «За Радзіму». Яна выходзіла з сакавіка 1943 года і была магутнай ідэйнай зброяй, гуртавала вакол сябе вялікі атрад партызанскіх журналістаў. Нягледзячы на сціплы па сённяшніх мерках тыраж – 500-1000 асобнікаў – чытачоў было значна больш. Газету беражліва перадавалі з рук у рукі. Выходзіла яна нядрэнна аформленай для ваенных умоў і ілюстраванай. Клішэ загалоўкаў і ілюстрацый па-майстэрску выразаліся на метале, адлітым з куль. Матэрыялы артыкулаў набіраліся з літар, затым друкаваліся на партатыўнай друкавальнай машынцы. Выданне выходзіла да жніўня 1956 года, а пасля змяніла назву на «Магілёўскую праўду», якая выпускаецца да сённяшняга дня і ў студзені 2018 года адзначыць 100-годдзе.

Па словах суразмоўніцы, памятны знак у Клічаве стане першай буйной скульптурнай кампазіцыяй, якая ўвекавечыць подзвіг журналістаў-франтавікоў рэгіёна. Да гэтага на тэрыторыі вобласці былі ўсталяваны дзве невялікія мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя майстрам пяра.

Да распрацоўкі ідэі прадстаўнікі БСЖ падышлі скрупулёзна. Нямала дзён правялі ў архівах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Былі знойдзены гістарычныя дакументы, улёткі і факты. Яны дапамаглі ў стварэнні эскізаў кампазіцыі магілёўскаму аддзяленню Саюза мастакоў Беларусі. Найбольш інфармацыйным, яркім і творчым стаў праект скульптара Аляксандра Мінькова.

«Плануецца, што кампазіцыя будзе ўмоўна складацца з дзвюх частак, – адзначыла Святлана Шутава. – Асновай стане пастамент з прыроднага каменю акруглай формы, дзе размесцяць гранітныя, накіраваныя ўвысь ўлёткі. На адну з іх нанясуць надпіс «За Радзіму», на іншыя – кароткія статыстычныя дадзеныя, звязаныя з гісторыяй ваеннай журналістыкі рэгіёна і, магчыма, чатырохрадкоўе, прысвечанае памяці карэспандэнтаў-герояў. Завяршальным элементам кампазіцыі стане ручка-пяро або штык-пяро». Да працы Аляксандр Мінько прыступіць на наступным тыдні.

Адкрыццё памятнага знака адбудзецца ў час абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017», які пройдзе ў Клічаве ў верасні. Тут жа пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу на лепшую публікацыю пра ўборачную кампанію, які абвясціла абласная арганізацыя БСЖ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая