Рус Бел Eng 中文

Перадвыбарчая праца ў Магілёўскай вобласці ідзе актыўна, без залішняга палітычнага і арганізацыйнага напружання – Валерый Берастаў

Перадвыбарчая праца ў Магілёўскай вобласці ідзе актыўна, без залішняга палітычнага і арганізацыйнага напружання. Пра гэта паведаміў сёння на брыфінгу старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Валерый Берастаў.

Паводле яго слоў, выбарчая кампанія ў рэгіёне праходзіць у строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта №410, Выбарчым кодэксам і каляндарным планам, прынятым Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

У Магілёўскай вобласці ўжо ўтвораны 176 тэрытарыяльных выбарчых камісій агульнай колькасцю 1414 чалавек: 1 абласная, 2 гарадскія (Магілёў і Бабруйск), 21 раённая і 152 сельскія. Акрамя таго, ўтворана 55 акруговых выбаркамаў па выбарах дэпутатаў абласнога Савета дэпутатаў колькасцю 605 чалавек.

У складзе тэрытарыяльных выбаркамаў дзяржаўныя служачыя складаюць 11,5%, акруговых – крыху больш за 13%. Удзельная вага дзяржслужачых у выбаркамах у параўнанні з мінулымі мясцовымі выбарамі ніжэйшая, чым калі-небудзь, адзначыў Валерый Берастаў. Прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у тэрытарыяльных выбарчых камісіях амаль 38%, у акруговых – 51,9%. У тэрытарыяльныя выбаркамы таксама ўключаны трое грамадзян Расійскай Федэрацыі. Старшыня абласной камісіі па выбарах падкрэсліў, што расіяне, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і маюць від на жыхарства, на мясцовых выбарах валодаюць выбарчым правам.

Жанчын у складзе выбарчых камісій – пятая частка. «На далікатных плячах трымаецца многае, у тым ліку выбарчы працэс, – заўважыў Валерый Берастаў. – Тут патрэбна скрупулёзнасць, уважлівасць, – тыя якасці, якія ўласцівы нашым жанчынам».

Хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце да 30 гадоў фарміруюць 9% тэрытарыяльных камісій і 5,5% – акруговых. «Важна, каб маладыя людзі падключаліся да выбараў нароўні з тымі, хто мае вопыт правядзення выбарчай кампаніі, паколькі рана ці позна ім прымаць эстафету».

У Магілёўскай вобласці ўтворана 55 выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў у абласны Савет дэпутатаў, 80 – у гарадскія (па 40 у Магілёве і Бабруйску), 675 – у раённыя і 1746 – у сельскія Саветы дэпутатаў. «Мы мяркуем і спадзяёмся, што столькі ж будзе абрана дэпутатаў у адпаведныя Саветы», – канстатаваў старшыня абласной камісіі па выбарах.

Ён нагадаў, што акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ўжо прымаюць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты. Тэрмін падачы – да 14 снежня ўключна, пасля чаго на працягу пяці дзён ідзе разгляд дакументаў на адпаведнасць патрабаванням выбарчага заканадаўства.

Для вылучэння ў абласны Савет дэпутатаў ініцыятыўная група павінна сабраць не менш за 150 подпісаў, у гарадскі і раённы – не менш за 75, у сельскі – не менш за 20. Узначальваць ініцыятыўную групу можа любы яе член, у тым ліку сам кандыдат у дэпутаты.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты можа праводзіцца не толькі шляхам збору подпісаў, дадаў Валерый Берастаў. Сваіх прадстаўнікоў могуць вылучыць працоўныя калектывы і палітычныя партыі. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пройдзе з 10 снежня 2017 года па 8 студзеня 2018 года.

Валерый Берастаў падкрэсліў, што вопыт папярэдніх выбарчых кампаній паказвае вялікую ўвагу да выбараў з боку назіральнікаў. Найбольшая іх колькасць звычайна прысутнічае на пасяджэннях участковых выбарчых камісіях, якія будуць створаны за 45 дзён да выбараў. На сённяшні дзень у абласной выбарчай камісіі акрэдытаваны толькі два прадстаўнікі – гэта вылучэнцы ад РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая