Рус Бел Eng 中文

Пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2018 годзе ўшаноўвалі ў Магілёве

Пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2018 годзе ушаноўвалі сёння ў Магілёве, паведамляе карэспандэнт сайта.

На ўрачыстай цырымоніі ў Палацы культуры вобласці прысутнічалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання – дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь, намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір Крэч, намеснік старшыні праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Інэса Караткевіч, Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Байкоў, кіраўнікі Магілёўскай вобласці мінулых гадоў, дэлегацыі аграрыяў гарадоў і раёнаў рэгіёна, спецыялісты прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

 

Аграрны сектар вобласці фарміруе каля 13% рэгіянальнага прадукту, а ў сферы вытворчасці – амаль чвэрць, саступаючы толькі прамысловасці рэгіёна, падкрэсліў, адкрываючы мерапрыемства, Уладзімір Даманеўскі.

Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ў рэгіёне завершана ўборка ўсіх асноўных сельскагаспадарчых культур. Валавы збор збожжа склаў больш за 760 тыс. т. Гэта чацвёрты паказчык сярод рэгіёнаў рэспублікі. Сёлета атрыманы рэкордны ўраджай кукурузы на збожжа – амаль 120 тыс. т, што ў 5 разоў перавышае ўзровень 2017-га. Намалочана 56 тыс. т масланасення рапсу, накапана 113 тыс. т бульбы, сабрана амаль 12 тыс. т гародніны, выраблена больш за 9 тыс. т ільновалакна.

Атрыманы добры ўраджай цукровых буракоў – звыш 313 тыс. т, што больш чым на 30% перавышае леташні ўзровень. Найбольшай ураджайнасці тут дасягнулі ў ЗАТ «Сервалюкс Агра» Магілёўскага раёна (736 ц / га), бульбы – у КСУП «Добраахвотнік» Клічаўскага раёна (336 ц/га), кукурузы на збожжа – у ЗАТ «Агракамбінат «Зара»» Магілёўскага раёна (166 ц/га).

Сёння ў аграрным сектары краіны актыўна выкарыстоўваюцца новыя падыходы ў кіраванні і формы гаспадарання, дадаў Уладзімір Даманеўскі. Нароўні з сельскагаспадарчымі арганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці развіваюцца прыватныя аграрныя кампаніі. Для гэтага ў краіне створаны пэўныя ўмовы. Кіраўніком дзяржавы прыняты тры ключавыя дакументы – гэта ўказы № № 253, 268 і 399, якія дазваляюць арганізаваць гаспадаранне на зямлі на больш высокім узроўні, ствараюць спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў у сельскагаспадарчую вытворчасць. Выкарыстанне розных формаў дзейнасці, уваходжанне прыватнага капіталу ў аграрную галіну атрымліваюць сваё развіццё. Прыход прыватных інвестараў на Магілёўшчыну ўжо не з’яўляецца адзінкавым выпадкам, што істотна адбіваецца на выніках працы. Забяспечана бясстратнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. Высокі ўзровень эфектыўнасці паказваюць ААТ «Эксперыментальная база «Спартак»» і ЗАТ «Вялікія Славені»Шклоўскага раёна, СВК «Калгас «Радзіма»»Бялыніцкага раёна, СВК «Гігант»Бабруйскага раёна, ААТ «Кастрычнік» Мсціслаўскага раёна, ЗАТ «Агракамбінат «Зара»» Магілёўскага раёна.

Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, у Магілёўскай вобласці адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння выдаткаў на вытворчасць сельгаспрадукцыі. За тры гады яны зменшаны больш чым на 12%. Зніжаецца каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Гэта дасягаецца за кошт выкарыстання новых сучасных тэхналогій, высокага прафесіяналізму кадраў і іх адказнага стаўлення да справы.

Важным крокам у павышэнні эфектыўнасці гаспадарання на зямлі, канкурэнтаздольнасці АПК, на думку кіраўніка рэгіёна, з’яўляецца развіццё буйных інтэграцыйных фарміраванняў, якія аб’ядноўваюць вытворчасць сельскагаспадарчай сыравіны, перапрацоўку і збыт канчатковай прадукцыі. Станоўчымі прыкладамі такой формы працы могуць служыць ААТ «Александрыйскае», ЗАТ «Агракамбінат «Зара»», ААТ «Магілёўхлебапрадукт». У Шклоўскім раёне створаны холдынг «Купалаўскае», у склад якога ўвайшлі акцыянерныя таварыствы«Вялікія Славені»,«Амкадор-Шклоў» і «Новагарадзішчанскае».

Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што нароўні з буйнымі сельскагаспадарчымі аб’яднаннямі развіваюцца фермерскія гаспадаркі. Толькі сёлета зарэгістравалі 29 такіх суб’ектаў, а ўсяго іх па вобласці функцыянуе звыш 400. Праца на зямлі прыцягвае людзей. Пашыраюцца плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў, прадастаўленых фермерам. І гэта прыносіць аддачу. Значна перавышаны сярэднеабласны паказчык па ўраджайнасці збожжавых у такіх КФГ, як «Новы побыт» Шклоўскага раёна і «Пралесак» Магілёўскага раёна. Амаль 40% абласных аб’ёмаў бульбы сабрана фермерскай гаспадаркай «Дзіяна» з самай вялікай па вобласці ўраджайнасцю– 430 ц/га. «Прыватны бізнес даўно зразумеў, што на зямлі і ў сельскагаспадарчай вытворчасці можна працаваць і зарабляць», – канстатаваў губернатар.

Пацвярджэннем гэтаму таксама служаць буйныя інвестыцыйныя праекты ў сферы АПК. Групай кампаній «Сервалюкс» рэалізаваны шэраг праектаў па вытворчасці мяса птушкі. Сусветна вядомай кампаніяй «Данон» у Шклове арганізаваны выпуск малочнай прадукцыі з высокім дабаўленымкоштам. У Клімавіцкім раёне ТАА «КЛІМАРВІ» праектуецца і рыхтуецца да будаўніцтва комплекс па вытворчасці і перапрацоўцы мяса індычкі; замежнае таварыства «Банэці» ў Бялыніцкім раёне стварае аграпрадпрыемства па выпуску збожжа і дацкай беконнай свініны магутнасцю 53 тыс. галоў у год. І гэта далёка не ўсе праекты.

«Яшчэ раз падкрэслю, што сёння задача аграрыяў не толькі накарміць насельніцтва, забяспечыўшы харчовую бяспеку, але і арганізаваць эфектыўную і экпартаарыентаваную вытворчасць, стварыць прадукт, які будзе добра прадавацца на знешніх рынках, –адзначыў Уладзімір Даманеўскі. – Патэнцыйны спажывец хоча бачыць арыгінальны тавар з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі. Хто першым здолее прапанаваць яго рынку, той і зойме на ім лідзіруючыя пазіцыі».

Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу, што вынікі ўдзелу ў міжнародных выставах нашых перапрацоўшчыкаў дэманструюць вялізны попыт на іх прадукцыю. Пра гэта гавораць і паказчыкі экспарту. У бягучым годзе доля аграрнай прадукцыі склала пятую частку ад агульнага аб’ёму паставак вобласці. З пачатку года яе экспартавана амаль на $ 300 млн. у 41 краіну свету.

Велізарны патэнцыял супрацоўніцтва ў нашага рэгіёна з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Сёння Паднябесная – наш трэці асноўны партнёр аграэкспарту, адзначыў Уладзімір Даманеўскі. У параўнанні з 2016 годам пастаўкі харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі на кітайскі рынак павялічыліся ў 10 разоў. На сённяшні дзень экспарт мяса ялавічыны ў далёкую краіну ажыццяўляе «Магілёўскі мясакамбінат», які дасягнуў дамоўленасці з кітайскімі партнёрамі па стварэнні сумеснага прадпрыемства. Запатрабаваны на рынку Паднябеснай і наш лён. За студзень-верасень 2018 года экспартавана льновалакна на больш чым $1 млн., што амаль у 3 разы вышэй у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Для нарошчвання аб’ёмаў запатрабаванай на знешніх рынках сельскагаспадарчай прадукцыі працягваецца маштабная работа па будаўніцтве новых жывёлагадоўчых комплексаў, паведаміў Уладзімір Даманеўскі. Пабудаваныя тры высокатэхналагічныя МТК у Шклоўскім, Кіраўскім і Клічаўскім раёнах. Пачата будаўніцтва малочна-таварнага комплексу ў гаспадарцы «Белшына-Агра» Асіповіцкага раёна, завяршаецца ўзвядзенне двух свінагадоўчых комплексаў у Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах. Выкарыстоўваючы вопыт Бялыніцкага СВК «Калгас «Радзіма»», у ЗАТ «Вялікія Славені» Шклоўскага раёна завершана будаўніцтва падстрэшкаў для сезоннага ўтрымання і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы. І гэтая праца будзе працягнута.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў: сельскагаспадарчымі арганізацыямі Магілёўшчыны створана трывалая кармавая база і забяспечана якаснае захоўванне нарыхтаваных кармоў. Для грамадскага пагалоўя жывёлы на зімова-стойлавы перыяд 2018-2019 гадоў нарыхтавана больш за 1 млн. т кармавых адзінак травяных кармоў, з іх больш за 120 тыс. т – па прагрэсіўных тэхналогіях, што ў 1,7 раза больш да ўзроўню 2017-га. Пабудавана 145 новых сянажных траншэй. Для выканання тэхналогіі ўсіх працэсаў у раслінаводстве, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ў гэтым годзе набыта 20 энерганасычаных трактароў, 24 збожжаўборачныя і 59 кормаўборачных камбайнаў айчыннай вытворчасці.

«У аснове дасягнутых высокіх вынікаў ляжыць зладжаная праца калектываў аграпрамысловага комплексу, тых, хто апрацоўвае палі, прыбірае ўраджай, працуе на фермах і перапрацоўчых прадпрыемствах, хто любіць сваю зямлю і добрасумленна працуе на карысць сваёй сям’і і роднай краіны», – сказаў Уладзімір Даманеўскі. Губернатар адзначыў высокія вынікі працы такіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, як «Агракамбінат «Зара»» і «Авангард» Магілёўскага раёна, «Александрыйскае» і «Газавік-Сіпакова» Шклоўскага раёна, «Кастрычнік» Мсціслаўскага, «Калгас «Радзіма»» Бялыніцкага, СВК «Гігант» Бабруйскага, «Белшына-Агра» Асіповіцкага раёнаў. У ліку лідараў сельскагаспадарчай галіны не толькі нашай вобласці, але і Рэспублікі камбайнеры Аляксей Макосаў, Уладзімір Мельнікаў, Віктар Мільто, трактарыст-машыніст Віталь Цямрук, брыгадзір звяна аператараў сушыльных агрэгатаў Міхаіл Бялькоў, аператары машыннага даення Ірына Глебка, Таццяна Калініна, Ніна Ляўковіч і многія іншыя.

Губернатар пажадаў працаўнікам сяла, кіраўнікам і спецыялістам сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў і арганізацый Магілёўскай вобласці моцнага здароўя, росквіту, дабрабыту і дастатку ў кожнай сям’і.
Дзясяткі разоў паднімаліся на святочную сцэну пераможцы ўборачнай і абласных конкурсаў. Кожны ў сваёй намінацыі.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая