Рус Бел Eng 中文

Пляцоўку для міні-футбола адкрылі ў Клічаве

Дзіцячую гульнявую пляцоўку са штучным пакрыццём для міні-футбола адкрылі сёння ў Клічаве. Спартыўны аб’ект стаў падарункам райцэнтру да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Дзякуючы сацыяльнай ініцыятыве сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «НТС» – праваўладальніка таварнага знака «Родны кут» – і Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” быў запушчаны пяцігадовы праект «Родны кут – дзецям» па будаўніцтве 118 спартыўных пляцовак па ўсёй Беларусі. Адна з іх з’явілася і ў Клічаве. Новае поле памерам 20м на 40м абсталявалі варотамі апошняга пакалення і высокай агароджай. Сучаснае пакрыццё «штучная трава» захоўвае структуру і колер на працягу доўгіх гадоў эксплуатацыі і робіць гульню ў футбол даступнай у любую пару года.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Сяргей Румас, старшыня абласной федэрацыі футбола Анатоль Глаз, старшыня раённага выканаўчага камітэта Францішак Вашчыла.

«Сёння ў горадзе, які рыхтуецца да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі», з кожным днём становіцца ўсё больш утульна і прыгожа, адкрываецца яшчэ адзін значны аб’ект, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – Здароўе – ні з чым непараўнальная каштоўнасць, а спорт заўсёды дапамагае быць здаровым, захаваць працаздольнасць, паўнавартаснае жыццё». Ён падкрэсліў, што новае футбольнае поле стала яшчэ адным крокам у развіцці папулярнага сярод дзяцей і дарослых віду спорту і ўручыў Францішку Вашчылу сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару для ДЮСШ.

Павіншаваў клічаўлян і Сяргей Румас. «Сёння вы атрымліваеце ў сваё распараджэнне самае сучаснае поле са штучным пакрыццём, – сказаў ён. – Шчыра спадзяюся, што пляцоўка не будзе прастойваць, і будучыня беларускага футбола тут будзе адточваць як індывідуальнае майстэрства, так і навыкі каманднай гульні. Упэўнены: на гэтым полі вырастуць футбалісты, якія ў далейшым праславяць нашу краіну». Новыя футбольныя мячы – падарунак ад беларускай федэрацыі футбола – сталі прыемным дадаткам да цёплых слоў віншаванняў.

Францішак Вашчыла адзначыў, што на Клічаўшчыне любяць і паважаюць спорт. «Прозвішчы нашых зямлячак Дар’і Навумавай і Дзіяны Сазановец сярэбранымі літарамі ўпісаны ў гісторыю цяжкай атлетыкі, вялікіх поспехаў дамагаюцца на спаборніцтвах розных узроўняў клічаўскія юныя валейбалісты і тэнісісты, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Новае футбольнае поле дазволіць дабіцца добрых вынікаў і футбалістам».

Першымі апрабавалі поле каманды навучэнцаў СШ №1 і №2 Клічава. Юнакі змагаліся ў таварыскім матчы на прызы ад гандлёвай сеткі «Родны кут» і Беларускай федэрацыі футбола.

Па матэрыяле газеты «Сцяг Саветаў»

Фота - Людмiлs Пракаповiч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая