Рус Бел Eng 中文

Праблема паляпшэння якасці пітной вады ў Магілёўскай вобласці будзе вырашацца паэтапна – Уладзімір Даманеўскі

Праблема паляпшэння якасці пітной вады ў раёнах Магілёўскай вобласці будзе вырашацца паэтапна. Пра гэта заявіў сёння ў час прамой тэлефоннай лініі старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Тэму чыстай пітной вады закранулі адразу некалькі грамадзян, якія дазваніліся губернатару з розных населеных пунктаў Магілёўскага раёна (вёскі Чаромушкі, Кадзіна, Новае Пашкава). Яны выказалі занепакоенасць якасцю пітной вады, высокім утрыманнем у ёй жалеза.

Па словах кіраўніка вобласці, гэтая тэма актуальная не толькі для Магілёўскага раёна, але і ўсяго рэгіёна. «Гэтую праблему за адзін раз не вырашыш, паколькі яна патрабуе сур’ёзных укладанняў. Яе мы будзем вырашаць паэтапна. Кіраўніцтвам вобласці і мясцовымі органамі ўлады адшукваюцца крыніцы фінансавання па будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаправодаў і станцый абезжалезвання. Прапановы аб рашэнні праблемы накіраваны і ва ўрад», – сказаў Уладзімір Даманеўскі.

Што тычыцца канкрэтна Магілёўскага раёна, то, на думку губернатара, тут трэба больш актыўна працаваць мясцовым органам улады, падключаць жыхароў населеных пунктаў да суфінансавання. «Раёну патрэбна праграма па забеспячэнні населеных пунктаў чыстай вадой. У тым ліку неабходна прапрацаваць пытанне закальцоўкі шэрагу памежных з Магілёвам населеных пунктаў з гарадскімі сеткамі водазабеспячэння. Магчыма, гэты шлях вырашэння праблемы можа быць больш танным і эфектыўным», – сказаў Уладзімір Даманеўскі.

Старшыня аблвыканкама даручыў адпаведным службам дэталёва прапрацаваць пытанні водазабеспячэння населеных пунктаў Магілёўскага раёна. Паводле інфармацыі старшыні Магілёўскага райвыканкама Анатоля Дуцько, у раёне налічваецца 15 населеных пунктаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні якасці пітной вады. У ліку першачарговых, дзе праблема стаіць найбольш востра, такія буйныя вёскі, як Кадзіна, Дашкаўка і Чаромушкі.

У ходзе прамой тэлефоннай лініі старшыні аблвыканкама паступіў шырокі спектр зваротаў з розных раёнаў і гарадоў вобласці, якія тычыліся рамонту дарог, добраўпарадкавання, працы грамадскага транспарту, выплаты заработнай платы, медыцынскага абслугоўвання, аказання сацыяльнай дапамогі і іншыя. Усе яны ўзяты на кантроль, заяўнікі атрымаюць на зададзеныя пытанні аб’ектыўныя і грунтоўныя адказы, а па шэрагу праблемных пытанняў рашэнні будуць прыняты ў найбліжэйшы час.

Кіраўнік вобласці звярнуў увагу непасрэдна саміх кіраўнікоў на работу са зваротамі грамадзян. «Мы павінны на месцах з большай уважлівасцю ставіцца да зваротаў грамадзян, больш актыўна весці тлумачальную працу, уключацца ў дыялог з людзьмі, а тыя абяцанні, якія даюцца людзям у вырашэнні іх праблемных пытанняў, павінны выконвацца максімальна аператыўна», – запатрабаваў Уладзімір Даманеўскі.

Усяго на прамую тэлефонную лінію звярнуліся больш за 50 чалавек, а непасрэдна паразмаўляў губернатар з 21 жыхаром вобласці.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая