Рус Бел Eng 中文

Прадстаўнікі кітайскай кампаніі SUMEC з дзелавым візітам наведваюць Магілёўскую вобласць

Прадстаўнікі кітайскай кампаніі SUMEC з дзелавым візітам знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці. 21 мая госці пабывалі ў Крычаве і Касцюковічах, дзе азнаёміліся з магчымасцямі вытворчасці цэменту. Сёння яны плануюць наведаць здраўніцы рэгіёна, а таксама азнаёміцца з інвестыцыйнымі пляцоўкамі Чавусаў.

Адкрыла дзень афіцыйная сустрэча старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага з дэлегацыяй карпарацыі на чале з яе віцэ-прэзідэнтам У Вэйфэнам. Падчас азнаямленчай гутаркі губернатар заўважыў, што за апошнія гады падпісаны шэраг дакументаў аб міжрэгіянальным узаемадзеянні Прыдняпроўскага краю з трыма кітайскімі правінцыямі: Цзянсу, Хэнань і Хунань. У мінулым годзе прайшло дзевяць сустрэч. Праведзены перагаворы з шэрагам кітайскіх кампаній. На двух бізнес-форумах прадстаўлены эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны патэнцыял вобласці.

Як вынік – эканамічныя адносіны з КНР сёння пазітыўныя і перспектыўныя. Доля Кітая ў знешнегандлёвым абароце Магілёўскай вобласці па-за краінамі СНД складае 8%. Істотна павялічыўся экспарт. За 2017 год яго рост склаў больш за 200%.

«Раней, пры выбудоўванні партнёрскіх узаемаадносін з Кітаем, у нас выклікалі неспакой лагістыка і адлегласць, але сёння праблема вырашана», – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. За мінулы год значна выраслі пастаўкі на кітайскі рынак прадуктаў харчавання. Канец мінулага года і пачатак гэтага для ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» адзначыліся сапраўдным прарывам: у снежні 2017-га прадпрыемства атрымала дазвол на экспарт ялавічыны ў Кітай. У студзені першая партыя адправілася ў Паднябесную. У 2016-м знаёмства з кітайскім рынкам адбылося ў холдынгу «Бабушкина крынка». У асноўным запатрабаваны стэрылізаванае малако, вяршкі, малочныя кактэйлі, сухая сыроватка.

Пры абмеркаванні напрамкаў супрацоўніцтва віцэ-прэзідэнт карпарацыі SUMEC выказаў зацікаўленасць у развіцці сыравіннай базы, нарошчванні вытворчасці льновалакна ў Магілёўскім рэгіёне і яго перапрацоўцы. У сваю чаргу, Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што ў вобласці наладжаны і добра працуюць тэхналогіі вырошчвання і продажу «паўночнага шоўку». 2017 год быў для аграрыяў Прыдняпроўскага краю удалым: атрыманы добры ўраджай насення, у сувязі з чым маецца намер павялічыць аб’ёмы пасеваў гэтай культуры.

Кітайскаму боку рэгіён можа прапанаваць участкі ў Шклоўскім, Горацкім, Дрыбінскім, Мсціслаўскім, Чавускім раёнах. Тут размяшчаюцца найбольш прыдатныя для вырошчвання лёну зямлі. Аднак, каб рэалізаваць намер атрымаць ураджай у 2019-м, падрыхтоўчыя працы неабходна пачынаць ужо восенню гэтага года. Таму першым крокам да рэалізацыі задуманага павінен стаць інвестыцыйны дагавор, дзе будуць завераны ўмовы і адказнасць бакоў, замацаваны тэхналагічныя тэрміны вырошчвання культуры. «Неабходна вызначыць участак і падрыхтаваць яго, – адзначыў Уладзімір Даманеўскі. – Правесці механічную апрацоўку, унесці ўгнаенні. Дагавор стане гарантыяй якасці вырашчанага лёну».

Пляцоўкай для размяшчэння вытворчасці па перапрацоўцы «паўночнага золата» можа стаць як ужо існуючае прадпрыемства, напрыклад, Шклоўскі льнозавод, так і новыя тэрыторыі, дзе будзе выкарыстоўвацца кітайскае абсталяванне.

У Вэйфэн выказаў гатоўнасць карпарацыі інвеставаць у развіццё льнаводства, паколькі лічыць гэты праект вельмі перспектыўным і ўзаемавыгадным. У якасці пацвярджэння сур’ёзнасці намераў ён уручыў Уладзіміру Даманеўскаму сертыфікат на абсталяванне для прэсавання льновалакна для ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўабллён»».

Разглядалася падчас сустрэчы і магчымасць стварэння на тэрыторыі рэгіёна яшчэ аднаго сумеснага прадпрыемства – па гадоўлі качкі і перапрацоўцы качынага пуху. Бакі выказалі зацікаўленасць у такім напрамку супрацоўніцтва. Аднак, як і ў любой справе, тут трэба дасканала прапрацаваць пытанні фінансавай выгаднасці праекта, рынкі збыту качынага мяса, падыходы да закупкі корму і падтрымання якасці атрыманай прадукцыі. Уладзімір Даманеўскі запэўніў: нашы спецыялісты гатовы актыўна падключыцца да гэтай тэмы і пралічыць моманты, якія зацікавілі, на перспектыву.

Важным напрамкам партнёрства, на думку бакоў, можа стаць узаемны турызм. Па словах У Вэйфэна, Беларусь будзе найбольш прывабнай для дзяцей і пажылых людзей з Кітая. Моладзь, па словах госця, шмат працуе, і часу на адпачынак няма. Школьнікам жа ў канікулярны час падыдуць аздараўленчыя лагеры спартыўнай і ваеннай накіраванасці. Старэйшае пакаленне ацэніць чыстае паветра Прыдняпроўскага краю, якасныя прадукты, традыцыі.

Уладзімір Даманеўскі заўважыў, што сёння санаторыі рэгіёна гатовыя прымаць кітайскіх грамадзян на аздараўленне. Тут могуць прапанаваць разнастайны вольны час з улікам пажаданняў гасцей. І пры любой форме адпачынку здраўніцы гарантуюць камфортнае знаходжанне.

Адным з першачарговых крокаў у сумесным развіцці турыстычнай галіны, на думку губернатара, павінен стаць выбар аператара, які будзе цесна супрацоўнічаць з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама па дадзенай тэме. Тут важна вызначыцца з колькасцю наведванняў, складам турыстычных груп і іх колькасцю, пажаданнямі гасцей. У далейшым, з улікам змены сезоннасці, можна будзе разгледзець магчымасць азнаямлення жыхароў Паднябеснай з зімовымі прыгажосцямі Магілёўскай вобласці і лыжнымі базамі.

Уладзімір Даманеўскі таксама прапанаваў кітайскаму баку адкрыць на тэрыторыі рэгіёна спецыяльную базу для сваіх турыстаў, у прыватнасці, тут маглі б размяшчацца для карпаратыўнага адпачынку супрацоўнікі кампаніі SUMEC.

Акрамя таго, прагучала ідэя аб адкрыцці рэстаранаў кітайскай і беларускай нацыянальных кухняў у гарадах, якія актыўна развіваюць партнёрскія ўзаемаадносіны: Магілёў і Чанша, Бабруйск і Усі. Яны стануць своеасаблівай пляцоўкай для рэкламы і прасоўвання кітайскіх і беларускіх прадуктаў харчавання на рынкі Сінявокай і Паднябеснай. Па словах У Вэйфэна, дабрабыт кітайцаў расце, і яны ўсё больш імкнуцца спрабаваць замежныя прадукты, доля якіх на рынку ўжо складае больш за 20%. Таму дадзены напрамак супрацоўніцтва можа стаць перспектыўным.

На сустрэчы абмеркавалі і дадатковыя напрамкі партнёрства на будучыню. У прыватнасці, у найбліжэйшы час плануецца дэталёва разгледзець магчымасці арганізацыі паставак у Кітай малочнай, мясной і алкагольнай прадукцыі.

Карпарацыя SUMEC ўваходзіць у топ-500 найлепшых прамысловых кампаній свету. Тут працуе каля 10 тыс. чалавек. Асноўная ўвага надаецца такім напрамкам, як гандаль і абслугоўванне, вытворчасць і будаўніцтва, інвестыцыі. Вядзецца продаж тавараў шырокага спажывання: садовае абсталяванне, электрапрыборы, высоканапорныя мыйныя прылады, электрагенерацыйнае абсталяванне, адзенне, бытавы тэкстыль, аўтамабільныя запчасткі, медыцынская апаратура, электрамеханічнае абсталяванне, сталевы пракат, мінеральная прадукцыя, вугаль.

23 мая дэлегацыя кампаніі SUMEC мае намер адправіцца ў Бабруйск і пабываць на буйных прадпрыемствах горада.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая