Рус Бел Eng 中文

Прадстаўнікоў розных сфер ушаноўвалі за ўклад у развіццё Магілёўскай вобласці

У Магілёве сёння адбылося ўрачыстае ўшанаванне прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Прыдняпроўскага краю. За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння рэгіёна старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі ўручыў ганаровыя граматы і падзякі аблвыканкама работнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

Губернатар павіншаваў усіх узнагароджаных. Ён адзначыў уклад кожнага з іх ва ўмацаванне эканомікі, што паспрыяе далейшаму планамернаму развіццю Магілёўскай вобласці і ўсёй краіны.

У гісторыі Прыдняпроўскага краю былі розныя старонкі: і добрыя, і трагічныя, адзначыў Уладзімір Даманеўскі. Апошнія наклалі свой глыбокі адбітак на ўсе бакі жыцця беларускага народа. Вялікая Айчынная вайна нанесла велізарны ўрон народнагаспадарчаму комплексу і працоўным рэсурсам. Чарнобыльская аварыя, якая закранула ў асноўным паўднёва-ўсходнюю частку рэгіёна, ператварыла землі ў непрыдатныя для выкарыстання. Але людзі справіліся з усімі цяжкасцямі, набыўшы сваёй працай высокія ўзнагароды. У 1967 годзе вобласць за актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, поспехі ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі ўзнагароджана ордэнам Леніна. У 1980-м Магілёў атрымаў ордэн Айчыны I ступені. 114 ураджэнцаў Магілёўшчыны сталі Героямі Савецкага Саюза, 23 – поўнымі кавалерамі ордэна Славы, больш за 100 – Героямі Сацыялістычнай Працы. «Такія ўзнагароды проста так не ўручаюцца, – падкрэсліў губернатар. – За дасягненнямі стаяць пакаленні, якія праслаўлялі родны край і ўносілі неацэнны ўклад у яго развіццё».

У 1991 годзе на карце свету з’явілася Рэспубліка Беларусь. «Па збегу абставінаў атрымалася так, што першы яе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка – ураджэнец нашай вобласці, – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. – Ён шмат зрабіў для краіны, яе станаўлення як незалежнай дзяржавы, паўнапраўнага суб’екта сусветнай супольнасці. Кіраўнік дзяржавы заўсёды ўважліва і трапятліва ставіцца да Магілёўскай вобласці, усе мы гэта адчуваем. Пацвярджэннем з’яўляецца і апошняе яго рашэнне аб развіцці горада Магілёва».

Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, развал былых сувязей, стварэнне новай дзяржавы сталі сапраўдным выклікам для кіраўнікоў прадпрыемстваў і працоўных калектываў. Кааперацыя, якою жыла калісьці вялікая краіна, апынулася разбуранай. Трэба было развіваць эканоміку і выбудоўваць зноўку партнёрскія адносіны. «Варта аддаць належнае нашым спецыялістам, – канстатаваў Уладзімір Даманеўскі. – Сёння мы гандлюем са 116 краінамі, штогод знаходзім новыя рынкі для сваёй прадукцыі. Эканоміка Магілёўшчыны экспартаарыентаваная. І калі мы не будзем займацца мадэрнізацыяй, аднаўленнем сваіх вытворчасцяў, то неўзабаве сыдзем на абочыну гэтага сусветнага працэсу».

Другі год запар прадпрыемствы рэгіёна паказваюць ўстойлівы рост вытворчасці прамысловай прадукцыі, адзначыў губернатар. Рэгіён добра скончыў 2017-ы год па экспарце тавараў і паслуг, а дадатковае сальда дзейнасці па знешніх пастаўках набліжаецца да Br1 млрд. «Гэта адзін з самых лепшых паказчыкаў у Беларусі, які сведчыць аб тым, што наша прадукцыя запатрабаваная, а меры, якія прынятыя ў краіне і вобласці, даюць свой вынік», – заўважыў Уладзімір Даманеўскі.

За шматгадовую добрасумленную працу і актыўную дэпутацкую дзейнасць падчас урачыстага ўшанавання намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык таксама ўручыла работнікам рэгіёна ганаровыя граматы аблсавету.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая