Рус Бел Eng 中文

Праект канцэпцыі збліжэння заканадаўстваў Беларусі і Расіі абмяркуюць падчас V Форуму рэгіёнаў

Праект канцэпцыі збліжэння заканадаўстваў дзвюх краін абмяркуюць падчас V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 10-12 кастрычніка ў Магілёве, паведаміла ў інтэрв’ю газеце «Рэспублiка» намеснік старшыні Савета Рэспублікі, старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму Марыяна Шчоткіна.

«Збліжэнне заканадаўства Беларусі і Расіі павінна адбывацца пры непахіснасці шэрагу прынцыпаў, замацаваных у Дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у тым ліку прынцыпаў захавання дзяржавамі свайго суверэнітэту і незалежнасці, а таксама з улікам нацыянальных інтарэсаў дзвюх краін. Канцэпцыя заклікана вызначаць перспектывы збліжэння заканадаўства, акцэнтуючы ўвагу на самых важных прыярытэтах: роўныя правы грамадзян, роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання, адзіныя рынкі без выключэнняў і абмежаванняў, а таксама лічбавая эканоміка. Неабходна дэталізаваць палажэнні канцэпцыі, прысвечаныя гэтым пытанням. Цяпер праект канцэпцыі дапрацоўваецца з улікам заўваг і прапаноў зацікаўленых. Будзе абмяркоўвацца гэты дакумент і падчас форуму», – сказала Марыяна Шчоткіна.

Яна падкрэсліла, што форум стаў візітнай карткай рэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. «У яго ёсць рэальныя вынікі. З кожным годам колькасць падпісаных на мерапрыемстве камерцыйных кантрактаў і пагадненняў расце. Усяго за час правядзення форуму іх заключана на суму больш за $ 930 млн. Так, па выніках III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі сума кантрактаў складала каля $ 300 млн, а па выніках IV Форуму ўжо перавысіла $ 400 млн. У гэтым годзе мы плануем узяць мяжу ў $ 500 млн», – адзначыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі.

Марыяна Шчоткіна таксама расказала аб праграме форуму. Галоўнай падзеяй стане пленарнае пасяджэнне на тэму «Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва». Секцыі пройдуць па пяці асноўных напрамках: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, моладзевая палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека.

У дзелавой частцы праграмы запланаваны пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва, бізнес-сустрэчы і перамовы, у якіх прымуць удзел губернатары, кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў дзвюх краін. Традыцыйна пройдзе пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Акрамя гэтага, у праграме – Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва, моладзевы форум, злёт студэнцкіх атрадаў, спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, турнір па хакеі з шайбай, сумеснае пасяджэнне саюзаў жанчын Магілёўскай і Тульскай абласцей і іншыя мерапрыемствы. Асаблівасцю юбілейнага форуму стане выстава-кірмаш рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадставяць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая