Рус Бел Eng 中文

Праекты герба і сцяга Магілёўскага раёна зацверджаны на сесіі раённага Савета дэпутатаў

Праекты герба і сцяга Магілёўскага раёна зацверджаны на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Распрацоўка геральдычных сімвалаў ажыццяўлялася з улікам гісторыка-культурных асаблівасцяў Прыдняпроўскага краю, законаў і правілаў геральдыкі. Аўтарамі праектаў з’яўляюцца Марына Ялінская і мастак Віктар Ляхор.

Герб Магілёўскага раёна ўяўляе сабой варажскі шчыт, скошаны ўшчыльнена-хвалістай двайной перавяззю злева, верхняя сярэбраная частка якой складае 1/3 блакітнай ніжняй. У правым блакітным полі – фігура сярэбранага рыцара, намаляванага прама, з мячом такога ж металу ў паднятай руцэ.

Малюнак сярэднявечнага воіна ў даспехах адлюстроўвае геральдычны сімвал горада Магілёва – цэнтра раёна, які адносіцца да ХVII стагоддзя, тым самым візуальна аб’ядноўвае гарадскі і раённы гербы. У левым залатым полі размешчаны тры кветкі лёну блакітнага колеру з залатой сарцавінай. Умоўны малюнак лёну – сімвал адной з сельгаскультур, якую традыцыйна вырошчваюць у раёне, алегорыя карпатлівай працы, цярпення, творчасці і шматвяковай запатрабаванасці ў жыцці беларусаў.

Двайная перавязь злева адлюстроўвае водную стыхію Магілёўскага раёна. Шырокая частка блакітнага колеру сімвалізуе раку Днепр, а сярэбраная частка перавязі перадае чыстую ваду помніка прыроды рэспубліканскага значэння – Палыкавіцкай крыніцы.

Сцяг Магілёўскага раёна спраектаваны на аснове герба з выкарыстаннем яго гербавага сюжэту, колераў і металаў.

Таксама былі зацверджаны праекты Палажэнняў аб гербе і сцягу, прадстаўлена спадарожная атрыбутыка: вымпел, харугва, нагрудны знак «За ўклад у развіццё Магілёўскага раёна».

 

Прынята рашэнне накіраваць праекты геральдычных знакаў у Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на прадмет адпаведнасці ўстаноўленым патрабаванням заканадаўства і для правядзення абавязковай геральдычнай экспертызы.

Магілёўскі раён як тэрытарыяльная адзінка быў утвораны 17 ліпеня 1924 года пастановай сесіі Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР шостага склікання. На сённяшні дзень у яго склад уваходзіць 279 сельскіх населеных пунктаў, аб’яднаных у 16 сельскіх Саветаў. У цяперашні час рэгіён выкарыстоўвае сімволіку Магілёўскай вобласці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая