Рус Бел Eng 中文

Прафсаюзная моладзь з усёй рэспублікі абмяняецца вопытам у Горках

Шостае пасяджэнне Маладзёжнага Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адбудзецца 19-20 верасня ў Горках. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў.

Паводле слоў суразмоўцаў, у райцэнтр з’едуцца каля 150 прадстаўнікоў навучэнцаў і працоўнай моладзі. Плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел старшыня ФПБ Міхаіл Орда, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, кіраўніцтва ВНУ.

Сёння ўдзельнікі форуму наведаюць ПУВП «Праметэй» Горацкага лясгаса і ААТ «Прэм», дзе вывучаць вопыт работы першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Завершыць праграму першага дня экскурсія па студэнцкім гарадку УА «БДСГА» з наведваннем аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

20 верасня ў БДСГА адбудзецца пасяджэнне Маладзёжнага Савета ФПБ. “Галоўнае пытанне парадку дня – канцэпцыя маладзёжнай палітыкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ужо падрыхтаваны дакумент, у якім вызначаны асноўныя напрамкі работы ФПБ, прафсаюзных арганізацый – ад прафкамаў да рэспубліканскіх галіновых – у сферы маладзёжнай палітыкі, аховы сацыяльна-эканамічных, працоўных правоў і законных інтарэсаў моладзі, – адзначылі суразмоўцы. – Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць палажэнні дакумента. Скарэкціраваны варыянт будзе прадстаўлены на Прэзідыуме Савета Федэрацыі прафсаюзаў ужо ў наступны панядзелак”.

На Маладзёжным савеце таксама абмяркуюць найбліжэйшыя мерапрыемствы, у якіх прыме ўдзел актыўная моладзь. У першую чаргу, гэта Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы, а таксама штогадовы форум «Студэнцкая восень», які пройдзе 15-17 лістапада.

Пасля пасяджэння ўдзельнікі пазнаёмяцца з акадэміяй, арганізацыяй навучальнага працэсу, а таксама пабываюць у спарткомплексе аграрнага ВНУ. Увечары адбудзецца сустрэча актыву з лідарамі прафсаюзнага руху краіны, падчас якой першакурснікам-прафоргам акадэміі ўручаць прафсаюзныя білеты.

Фінальным мерапрыемствам двухдзённага форуму стане танцавальна-забаўляльная праграма. На сцэне Палаца культуры БДСГА выступяць фіналісты прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі», папулярныя беларускія артысты, таленавітая моладзь з горацкай акадэміі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая