Рус Бел Eng 中文

Праграма II Міжнароднай духоўна-асветніцкай выставы-кірмашу «Беларусь Праваслаўная»

З 24 па 30 чэрвеня па блаславенні Правялебнага Сафронія, епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага, у Магілёве пройдзе II Міжнародная духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш «Беларусь Праваслаўная», падрыхтаваная епархіяй БПЦ Магілёўскай, гарвыканкамам і выставачнай кампаніяй «Экспасэрвіс». Мерапрыемства стане часткай XXI Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» і будзе прымеркавана да святкавання 300-годдзя святога Георгія Каніскага і 750-годдзя Магілёва.

Кірмашовы гарадок размесціцца на адкрытай пляцоўцы ў раёне прыпынку «Дыягнастычны цэнтр» (вул. Першамайская, 59а). Час яго працы – з 10.00 да 20.00.

Выстава збярэ ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Грэцыі – святой гары Афон. Праваслаўныя манастыры і прыходы прадставяць сваю прадукцыю – прадметы царкоўнага ўжытку для дома і храма: начынне, адзенне, іконы, святыні з Ерусаліма, духоўную літаратуру. Свае вырабы прадэманструюць народныя майстры. Пчаляры прапануюць мёд і прадукты пчалярства, траўнікі – травяныя зборы і фітачаі. Можна будзе таксама набыць натуральныя прадукты здаровага харчавання, кедравыя бальзамы, жывіцу кедра, натуральны алей, арэхі і сухафрукты. Тут жа на стэндах размесціцца інфармацыя пра ўласцівасці прадуктаў і іх прымяненне.

Экспазіцыю дапоўніць духоўна-асветніцкая праграма, якая ўключае канферэнцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, пісьменнікамі, музыкантамі і акцёрамі, майстар-класы для педагогаў нядзельных школ. Спецыяльная праграма “Задайце пытанне святару” прадаставіць магчымасць кожнаму наведвальніку ў асабістай размове са святаром атрымаць параду і дапамогу ў вырашэнні праблем духоўнага жыцця.

Наведвальнікам выставы прапануюць прыняць удзел у дабрачыннай акцыі «Будуем храм разам», якая дазволіць кожнаму ўнесці ўклад ва ўзвядзенне храма Раства Іаана Хрысціцеля ў аграгарадку Буйнічы. Цырымонія афіцыйнага адкрыцця выставы-кірмашу адбудзецца 24 чэрвеня ў 12.00 на пляцоўцы кірмашовага гарадка. Яе ўзначаліць Правялебны Сафроній, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі. Завершыцца цырымонія малебнам на пачатак добрай справы.

У гэты ж дзень адразу пасля адкрыцця ў 12.30 наведвальнікам будзе прапанаваны канцэрт аўтарскай песні “Не адымі покрыва” ў выкананні гасцей з Мінска Яўгена і Алены Піменавых. Яўген – акцёр тэатра і кіно, выкладчык Дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, чытальнік храма Уладзімірскай іконы Божай Маці. Алена – дзіцячы пісьменнік, аўтар вершаў і песень, узнагароджана медалямі Еўфрасінні Полацкай “За духоўную асвету”, Пятра і Фяўроніі “За любоў і вернасць”, рэгент храма Богаяўлення.

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса (вул. Першамайская, 30) разгорнецца кніжная выстава “Асветнікі зямлі Беларускай”, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Частка экспазіцыі будзе прысвечана свяціцелю Георгію Каніскаму, які быў архіепіскапам Магілёўскім, Мсціслаўскім і Аршанскім, стаяў ля вытокаў стварэння Мінскай і Слуцкай епархіі. У 1754 годзе па патрабаванні імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў прызначаны епіскапам Беларускім. Выступаў у абарону беларускага праваслаўнага насельніцтва, быў вядомы як выдатны прапаведнік і грамадскі дзеяч, прыхільнік Праваслаўя ў барацьбе з уніяй, філосаф, багаслоў, асветнік, таленавіты пісьменнік.

27 чэрвеня ў 11.00 у канферэнц-зале кафедральнага сабора Трох Свяціцеляў адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Праваслаўная кніга – шлях да духоўнасці” для бібліятэкараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, свецкіх і парафіяльных бібліятэк, выкладчыкаў нядзельных школ Магілёўскай епархіі.

28 чэрвеня ў 11.00 у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы пройдзе прэзентацыя кнігі «Звон Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі» з паказам дакументальных фільмаў «Пра што звоніць звон», «Бяздушны званар». Правядзе мерапрыемства аўтар кнігі, кандыдат мастацтвазнаўства, этнамузыказнаўца-кампанолаг, сапраўдны член Асацыяцыі звонавага мастацтва Расіі Алена Шацько.

У дапамогу педагогам нядзельных школ будуць арганізаваны метадычныя заняткі па творчым суправаджэнні ўрокаў: 28 чэрвеня ў 17.30 – у канферэнц-зале кафедральнага сабора Трох Свяціцеляў, 29 чэрвеня ў 17.30 – у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы.

Для жадаючых пазнаёміцца з народнымі методыкамі аздараўлення пройдзе цыкл сустрэч з урачом-фітатэрапеўтам, прафесарам народнай медыцыны Мікалаем Агрэнічам (24 чэрвеня ў 11.00 і 30 чэрвеня ў 12.00 – у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы, 29 чэрвеня ў 18.00 – у канферэнц-зале кафедральнага сабора Трох Свяціцеляў).

Цырымонія афіцыйнага закрыцця выставы адбудзецца 30 чэрвеня ў 15.00. Будзе адслужаны Падзячны малебен па заканчэнні добрай справы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая