Рус Бел Eng 中文

Праграма VI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча

VI Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча пройдзе ў Бабруйску 17-22 лістапада.

Арганізатары форуму ў гэтым годзе прынялі рашэнне аб змене яго фармату з тым, каб ён спрыяў адкрыццю новых імёнаў і падтрымцы маладых талентаў, якія ўжо заявілі пра сябе менавіта ў Беларусі. Упершыню на фестывалі сфарміраваны дзве самастойныя конкурсныя праграмы: «Спектакль тэатра драмы» і «Эксперыментальны тэатр». У іх прадстаўлены як пастаноўкі рэгіянальных тэатраў, якія працуюць над беларускай драматургіяй, так і сталічных тэатраў.

Праграмай фэсту таксама запланаваныя выставы, экскурсіі, чыткі п’ес беларускіх драматургаў, майстар-класы, круглыя сталы па пытаннях развіцця нацыянальнай драматургіі і тэатра.

Арганізатарамі форуму выступаюць Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры.

З гісторыі фестывалю:

З’яўленню тэатральнага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча папярэднічае свята, прысвечанае 190-годдзю з дня нараджэння пачынальніка новай беларускай драмы, стваральніка тэатра сучаснага тыпу, ураджэнца Бабруйшчыны, чыё імя горда носіць Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі, – В. І. Дуніна-Марцінкевіча.

Першы фэст прайшоў у 1998 годзе. У час мерапрыемства кожны прафесійны тэатр Беларусі прадставіў свае спектаклі па п’есах беларускіх аўтараў. Наступны форум адбыўся ў 2001 годзе, сабраўшы 9 тэатраў з найлепшымі пастаноўкамі па песах айчынных аўтараў.

У 2008-м, у год 200-годдзя В. І. Дуніна-Марцінкевіча, фестываль нацыянальнай драматургіі прайшоў без конкурснай асновы ў статусе міжнароднага. У праграму былі ўключаны паказы спектакляў аўтараў з Беларусі, Малдовы, Латвіі, Украіны і Расіі. Наступныя фэсты, у 2011 і 2015 гадах, адбыліся з удзелам калектываў блізкага замежжа.

За час існавання фестывалю нацыянальнай драматургіі па п’есах беларускіх аўтараў былі прадстаўлены 40 найлепшых спектакляў тэатраў з Беларусі і 8 спектакляў удзельнікаў з чатырох краін.

Чыткі п’ес, арганізаваныя ў межах форуму, дазволілі адкрыць новыя імёны, выдадзены зборнік п’ес маладых драматургаў, у рэпертуары Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча з’явіўся спектакль «Лондан» – удзельнік чатырох міжнародных фестываляў.

Фэст у Бабруйску пазіцыянуе творчасць менавіта беларускіх аўтараў, дапамагае папулярызаваць айчынную сучасную і класічную драматургію, пашырае геаграфію яе пастановак, дазваляе асэнсаваць і прааналізаваць сучасны стан беларускай нацыянальнай драматургіі і яе месца ў рэпертуары тэатраў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая