Рус Бел Eng 中文

Праваслаўныя святкуюць Раство Прасвятой Багародзіцы

Раство Прасвятой Багародзіцы сёння святкуюць праваслаўныя вернікі. Гэта адзін з дванадзясятых непераходзячых святаў Праваслаўнай царквы, устаноўлены ў гонар нараджэння прачыстай Дзевы Марыі.

Прасвятая Дзева Марыя нарадзілася ў галілейскім горадзе Назарэце. Бацькамі яе былі набожныя Іаакім і Ганна. Муж і жонка былі бяздзетныя. Дасягнуўшы сталага ўзросту, Іакім і Ганна не гублялі надзеі на міласць Божую, цвёрда верачы, што Бог усё можа, і ён можа вырашыць праблему бясплоддзя Ганны нават у яе старасці.

У адзін са святаў старац Іакім прынёс у Ерусалімскі храм сваю ахвяру ў дар Богу, але першасвятар не прыняў яе, назваўшы Іакіма недастойным з прычыны яго бясплоддзя, якое лічылася ў яўрэйскім народзе пакараннем Божым за грахі. Набожны Іакім ў глыбокім горы сышоў у пустыню і там са слязамі маліўся Госпаду аб дараванні дзіцяці. Ганна, даведаўшыся, што адбылося ў Іерусалімскім храме, плакала, але не наракала на Госпада, а малілася, заклікаючы на сваю сям’ю міласэрнасць Божую. Падчас гэтай малітвы з’явіўся да яе анёл і сказаў: «Малітва твая пачутая, Гасподзь пашле табе дачку, якую назавеш Марыяй». Адначасова з’явіўся анёл і да Іакіма і абвясціў тую ж радасную вестку.

За цярпенне, веру і любоў да Бога і адзін да аднаго Гасподзь даў ім вялікую радасць – у іх нарадзілася дачка. І назвалі яе Марыя, што значыць “Спадарыня, Надзея”. Нараджэнне Марыі прынесла радасць не толькі яе бацькам, але і ўсім людзям, таму што яна была прызначана Богам стаць маці Іісуса Хрыста.

У падзяку Богу за дадзенае ім дзіця бацькі аддалі Марыю яшчэ ў раннім дзяцінстве на выхаванне ў Храм Божы.

З Раством Багародзіцы стала магчымым і Раство Збавіцеля, таму дзень нараджэння Прасвятой Дзевы Марыі лічыцца зарой хрысціянства. У гэты дзень у храмах здзяйсняецца ўрачыстае набажэнства, якому папярэднічае ўсяночная.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая