Рус Бел Eng 中文

Праваслаўныя вернікі святкуюць Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы

Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Увядзенне ў храм Уладычыцы нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі.

Гэтае вялікае хрысціянскае свята адносіцца да двунадзесятых непераходзячых святаў Праваслаўнай царквы. Падставай служыць царкоўнае паданне аб тым, як у трохгадовым узросце бацькі ўрачыста ўвялі ў Ерусалімскі храм Марыю, будучую Маці Божую. Гэтае свята Увядзення ўстанавілі яшчэ на пачатку хрысціянства.

Бацькі Панны Марыі, праведныя Іакім і Ганна, молячыся аб вырашэнні праблемы бясплоддзя, далі зарок – калі народзіцца дзіця, то яны прысвецяць яго служэнню Богу. Калі Найсвяцейшай Дзеве споўнілася тры гады, бацькі вырашылі выканаць сваё абяцанне. Сабраўшы сваякоў і знаёмых, апрануўшы Усячыстую Марыю ў найлепшае адзенне, са святымі песнямі і запаленымі свечкамі ў руках прывялі яе ў Іерусалімскі храм для прысвячэння Богу. Там сустрэў Марыю першасвятар са сваёй світай, у ліку якой быў Захар, бацька Іаана Хрысціцеля.

У храм вяла лесвіца ў пятнаццаць высокіх прыступкаў. Марыя, як толькі яе паставілі на першую прыступку, каб умацоўваць сілай Божай, хутка пераадолела астатнія прыступкі і ўзышла на верхнюю. Затым, праз Духа Святога, першасвятар увёў Найсвяцейшую Дзеву ў самае святое месца ў храме, куды з усіх людзей мог толькі раз у годзе ўваходзіць сам першасвятар. Усе прысутныя ў храме дзівіліся з незвычайнай падзеі. Іакім і Ганна, уручыўшы дзіця волі Айцу Нябеснага, вярнуліся дадому.

Глыбокай таямніцай пакрыта зямное жыццё Багародзіцы ад маленства да ўшэсця на неба. Патаемным было і яе жыццё ў Іерусалімскім храме. Але ў царкоўным паданні захаваліся звесткі аб тым, што падчас знаходжання Прачыстай Дзевы ў Іерусалімскім храме яна выхоўвалася набожнымі дзевамі, добра чытала Святое Пісанне, займалася рукадзеллем і пастаянна малілася. Марыя заставалася на выхаванні ў храме аж да паўналецця – да 15-гадовага ўзросту.

Учынак бацькоў Марыі царква ставіць у прыклад усім вернікам, паказваючы, што сапраўдныя хрысціяне павінны выхоўваць у сваіх дзецях любоў да Усявышняга з самага ранняга ўзросту, як толькі дзіця пачынае разумець навакольны свет.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая