Рус Бел Eng 中文

Праваслаўныя вернікі святкуюць Уздзвіжанне Крыжа Гасподня

Уздзвіжанне Жыватворачага Крыжа Гасподня сёння святкуюць праваслаўныя вернікі.

Гэта адзін з вялікіх дванадзясятых непераходных святаў Праваслаўнай царквы. Устаноўлены ў памяць набыцця і ўздзвіжання Крыжа Хрыстова. Гэтая знамянальная падзея адбылася пры імператары Канстанціне Вялікім, які першым з рымскіх імператараў спыніў ганенні на хрысціян.

Імператар Канстанцін сам пераканаўся ў сіле і славе крыжнага знамення Хрыстова. Аднойчы напярэдадні рашучай бітвы ён і ўсе яго войскі ўбачылі на небе знак Крыжа з надпісам “Сім перамагай”. У наступную ноч імператару з’явіўся сам Іісус Хрыстос з Крыжам у руцэ і сказаў, што гэтым знакам ён пераможа ворага. Іісус Хрыстос загадаў зрабіць воінскі сцяг з выявай святога Крыжа.

Канстанцін выканаў вяленне Бога і перамог ворага. Ён прыняў хрысціян пад сваю апеку і абвясціў веру Хрыстову галоўнай. Роўнаапостальны цар Канстанцін захацеў пабудаваць храмы Божыя на святых для хрысціян месцах нараджэння, пакут і ўваскрасення Госпада Іісуса Хрыста і знайсці Крыж, на якім быў распяты Збавіцель. Выканаць жаданне цара ўзялася яго маці, святая роўнаапостальная царыца Алена.

Шукаючы Жыватворачы Крыж, царыца Алена распытвала хрысціян і яўрэяў, але доўгі час яе пошукі заставаліся беспаспяховымі. Нарэшце ёй паказалі на аднаго старога яўрэя па імені Іуда, які паведаміў, што Крыж кінуты ў пячору і завалены зямлёй, а зверху пабудаваны паганскі храм. Калі адкапалі пячору, то знайшлі ў ёй тры крыжы і асобна дошчачку з надпісам “Іісус Назарэй, Цар Іудзейскі”.

Каб даведацца, на якім з трох крыжоў быў распяты Збаўца, патрыярх Макарый па чарзе стаў падносіць крыжы адзін за адным да цяжкахворай жанчыны. Ад двух крыжоў не адбылося ніякага цуду, калі ж ўсклалі трэці крыж, то яна адразу вылечылася. Здарылася, што ў гэты час неслі цела для пахавання. Тады сталі ўскладаць крыжы і на памерлага. Калі ўсклалі трэці крыж, нябожчык ажыў. Убачыўшы ўваскрослага, усе пераканаліся, што знойдзены Жыватворачы Крыж. Ад з’яўлення мноства народу не ўсе маглі бачыць і цалаваць Крыж Госпада, тады Патрыярх Іерусалімскі Макарый падняўся на ўзвышанае месца і паставіў Крыж так, каб народ мог яго бачыць.

Царыца Алена частку Святога Крыжа прынесла свайму сыну, а другую частку пакінула ў Іерусаліме. Роўнаапостальны імператар Канстанцін загадаў узвесці ў Іерусаліме цудоўны храм у гонар Уваскрасення Хрыстова. Пабудаваў таксама храмы на Елеонскай гары, у Віфліеме і Хеўроне ля Дуба Мамрыйскага.

Па царкоўным статуце, у гэты дзень устанаўліваецца аднадзённы пост ва ўспамін крыжавых пакут Іісуса Хрыста.

У народзе гэта свята супадала з часам павароту на зіму. У гэты дзень прынята было збіраць розныя лекавыя расліны, і лічылася, што яны валодаюць асаблівай гаючай сілай. Напрыклад, васількамі, гваздзіком, базілікам і чабром на свята ўпрыгожвалі Распяцце, а потым лячылі розныя хваробы. У гэтае свята прынята было таксама запрашаць у дом святароў, якія чыталі ахоўныя малітвы для дома і будучага ўраджаю.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая