Рус Бел Eng 中文

Прыпыненне працы школы ў Асіповічах не паўплывае на навучальны працэс – райвыканкам

Прыпыненне працы сярэдняй школы №4 у Асіповічах не паўплывае на навучальны працэс. Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Ганна Землянухіна.

Паводле яе слоў, нягледзячы на прыпыненне з сённяшняга дня працы школы па рашэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях, навучальны працэс не спынены. Усе дзеці пераведзены ў мясцовую гімназію і размеркаваны па класах. 1-2-я класы сёння пачалі навучанне ў першую змену, а астатнія будуць вучыцца ў другую – з 14.00.

«Такое аператыўнае рашэнне аб закрыцці школы, вядома, выклікала пэўныя арганізацыйныя складанасці і напружанасць, але ўсе пытанні,якія ўзнікаюць, вырашаюцца па ходу справы. На вучнях гэта ніяк не адлюструецца –пры ўваходзе ў гімназію дзяцей сустракаюць іх жа настаўнікі і суправаджаюць у класы, – адзначыла Ганна Землянухіна. – Да гэтага часу навучальны працэс у гімназіі быў арганізаваны ў адну змену, цяпер жа яна будзе працаваць на дзве змены. Тут будзе навучацца больш за 1,3 тыс. чалавек».

У Мінадукацыі праінфармавалі, што ўжо прынята рашэнне аб правядзенні ў школе капітальнага рамонту. Агляд будынка быў планавым. Ён праводзіўся ў адпаведнасці з дзеючымі тэхнічнымі нарматыўна-прававымі актамі. Спецыяльная арганізацыя прыцягвалася для атрымання тэхнічнага заключэння аб стане канструкцыі будынка школы. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца для забеспячэння эксплуатацыйнага кантролю за тэхнічным станам будынкаў.

Як паведамлялася, камісія па надзвычайных сітуацыях прыняла рашэнне аб прыпыненні працы сярэдняй школы №4 у Асіповічах. Будынак 1966 года пабудовы быў інструментальна абследаваны спецыяльнай арганізацыяй. Паводле вынікаў праверкі, пліты перакрыцця трэцяга паверха знаходзяцца ў нездавальняльным стане. Для вырашэння пытання трэба праводзіць работы па зняцці нагрузкі з пліт і іх умацаванні. Сама пабудова трохпавярховая, перакрыцці – жалезабетонныя пліты. У школе навучаецца 740 чалавек.

Па матэрыялах БЕЛТА

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна