Рус Бел Eng 中文

Пяцікласнікам Магілёўшчыны ўручаць кнігі па фінансавай граматнасці «Твае першыя фінансы»

Рэспубліканская акцыя Белаграпрамбанка па фінансавай граматнасці «Твае першыя фінансы» стартавала сёння ў краіне. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў ААТ «Белаграпрамбанк».

Удзельнікамі праекта стануць каля 103 тыс. беларускіх пяцікласнікаў па ўсёй рэспубліцы. Не застануцца без увагі і школьнікі Магілёўшчыны. «У межах урокаў фінансавай граматнасці дзяцей чакаюць віктарыны, гульні і конкурсы. Кульмінацыяй гэтых своеасаблівых заняткаў стане ўручэнне маляўнічых тэматычных зборнікаў апавяданняў на беларускай мове «Твае першыя фінансы», – удакладнілі суразмоўцы.

Як расказалі ў Белаграпрамбанку, штогод брашура ўдасканальваецца і дапаўняецца. У гэтым годзе да фінансавых казак, гісторый пра ўзнікненне грошай, укладаў, крэдытаў, парадаў па правільным выкарыстанні зберажэнняў, расказаў аб важнасці і неабходнасці банкаў дадасца цэлы раздзел займальных галаваломак і рэбусаў з яркімі ілюстрацыямі, табліцамі і малюнкамі. З іх дапамогай школьнікі змогуць праверыць атрыманыя веды па фінансавай грамаце.

«Мы заўсёды гатовыя дапамагчы падрастаючаму пакаленню ў засваенні няпростай фінансавай навукі, – падкрэслілі спецыялісты. – Імкнёмся, каб нашы сустрэчы былі не толькі пазнавальнымі, але і вясёлымі, таму нярэдка ў іх удзельнічае сімвал дзіцячай ашчаднай праграмы «Расці вялікі!» – Агрык, які ўручае дзецям памятныя прызы і падарункі».

Гісторыя праекта «Твае першыя фінансы» пачалася ў верасні 2014 года. Тады зборнік дзіцячых казак атрымала каля 25 тыс. вучняў 5-х класаў сельскіх, а таксама некаторых гарадскіх школ краіны. У 2015 годзе кнігі дасталіся 88 тыс. пяцікласнікаў, у 2016-м – пачатку 2017 года ўладальнікамі фінансавых казак ад Белаграпрамбанка стала каля 100 тыс. чалавек. З улікам цяперашняй акцыі кнігі па фінансавай граматнасці атрымае каля 350 тыс. школьнікаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая