Рус Бел Eng 中文

Разумны дом і разумная ферма з’явяцца ў Крычаўскім раёне

Рэалізацыя рэгіянальнага праекта «Крычаў малы разумны горад. Крычаўскі раён. Развіваемся разам» будзе працягнута ў 2019 годзе, у ліку ініцыятыў – стварэнне разумнага дома і разумнай фермы, паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Еўдакіменка сёння на другім раённым Форуме ініцыятыўных людзей у Крычаве.

Праект рэалізуецца другі год, ужо ўвасоблены ў жыццё некалькі цікавых ініцыятыў. Напрыклад, створана адзіная дыспетчарская служба і партал «Мой горад» на мясцовым прадпрыемстве «Водаканал», Крычаўская райбальніца падключана да сістэмы «Электронны рэцэпт», праведзеная аэрафотаздымка горада. Акрамя таго, сумесна з партнёрамі распрацавана інструкцыя аб парадку ацэнкі дасягнення ўрбанізаванымі тэрыторыямі мэтаў устойлівага развіцця і ўзроўню разумных гарадоў. «Яе яшчэ трэба будзе адаптаваць да рэалій нашага раёна. Аднак ужо цяпер яна дазваляе вельмі дакладна вызначаць кірункі, па якіх нам трэба будзе развівацца», – дадала намеснік старшыні райвыканкама.

Зараз у раёне прапрацоўваецца праект «Разумны выканкам» для стварэння цэнтра кампетэнцый, а таксама ініцыятыў «Разумная ферма» з мэтай стварэння лічбавых тэхналогій у жывёлагадоўлі і «Разумны дом» – для павышэння камфорту пражывання грамадзян. «Да рэалізацыі гэтых ідэй мы плануем прыступіць у 2019 годзе, – заўважыла Ірына Еўдакіменка. – Але мы не абмяжоўваемся праектам «Крычаў малы разумны горад», а стараемся стымуляваць любую ініцыятыву людзей, даць магчымасць насельніцтву і асабліва моладзі рэалізаваць сябе, ажыццявіць свае ідэі ў канкрэтныя справы».

Падчас форуму з удзелам мясцовых прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і Крычаўскага райвыканкама былі абмеркаваны магчымасці і цяжкасці развіцця прыватнага бізнесу ў рэгіёне, а таксама новыя ідэі для павышэння іміджу і паляпшэння інвестыцыйнага патэнцыялу раёна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая