Рус Бел Eng 中文

Слаўгарадскі фестываль «Гаспадарчы сыр» робіць акцэнт на папулярызацыі нацыянальнай кухні

У Слаўгарадзе 29 красавіка пройдзе сёмы гастранамічны фэст «Гаспадарчы сыр», паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства.

Акрамя традыцыйнага кірмашу-продажу хатніх сыроў з дэгустацыяй, майстар-класамі па іх падрыхтоўцы і розыгрышамі, на фестывалі разгорнецца цэлая агратурыстычная вёска. Гаспадары аграсядзіб Слаўгарадскага раёна будуць прэзентаваць магчымасці па прыёме турыстаў, прадставяць свае лакальныя турпрадукты, а таксама будуць частаваць стравамі нацыянальнай кухні і старадаўнімі традыцыйнымі напоямі.

У праграме мерапрыемства анімацыйна-забаўляльная праграма з экскурсіямі, канцэртамі, гульнямі, конкурсамі і розыгрышамі, майстар-класы народных умельцаў. Жадаючыя змогуць адправіцца і ў спецыяльна падрыхтаваны тур у вёску Лясная. Госці наведаюць музей пад адкрытым небам бітвы пры Лясной, мемарыяльную капліцу і помнік, пабудаваныя ў гонар перамогі рускіх войскаў над шведамі у 1708 годзе, мясцовую святую крынічку, а таксама сырную краму.

«Наш фестываль задумваўся для таго, каб даць другое жыццё старадаўнім слаўгарадскім традыцыям сыраварэння, дапамагчы мясцовым сыраробам развівацца і наладзіць збыт прадукцыі. Гэтыя старанні ўвянчаліся поспехам і былі падтрыманы мясцовымі жыхарамі. Сёння ў раёне ўжо каля 20 сыравараў. Падворкі сталі пашырацца, а некаторыя з іх зарэгістраваліся і працуюць як фермерскія гаспадаркі ці як аграсядзібы. Яны сёння прадастаўляюць шырокі спектр турыстычных паслуг і робяць акцэнт на нацыянальнай кухні, якая ў Год малой радзімы (як і мясцовыя кулінарныя традыцыі) будзе шырока прадстаўлена на фестывалі», – адзначылі суразмоўцы.

Прыярытэт на свяце застанецца, вядома, за мясцовым кулінарным брэндам – хатнімі сырамі. Для дэгустацыі і продажу будзе прапанавана больш за 30 відаў хатняга сыру на любы густ: цвёрдыя і мяккія, плаўленыя і тварожныя, сулугуні і брынза, сырніца і сырныя аладкі, салодкія і салёныя, з рознымі прыправамі і напаўняльнікамі.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт і мясцовы фонд развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра».

БЕЛТА

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна