Рус Бел Eng 中文

Спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы адзначылі 50 прадстаўнікоў моладзі

Спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы адзначылі 50 прадстаўнікоў моладзі рэгіёна. Цырымонія ўшанавання адбылася сёння на плошчы Зорак Магілёва ў рамках рэспубліканскага свята «Моладзь і творчасць – гісторыя будучыні». 

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў, што гэтай прэстыжнай узнагародай штогод адзначаюцца людзі, якія, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо змаглі праявіць сябе ў самых розных напрамках гуманітарнай дзейнасці – адукацыі і культуры, сацыяльнай абароне і ахове здароўя, журналістыцы і грамадскай дзейнасці.

Правядзенне ўшанавання напярэдадні Дня моладзі ў самым сэрцы маладзёжнай сталіцы 2018 года – на плошчы Зорак – асабліва сімвалічнае, адзначыў Андрэй Кунцэвіч. Гэта месца, дзе ўвекавечаны імёны ганаровых грамадзян Магілёва – людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сталіцы Прыдняпроўскага краю. «Магчыма, праз некаторы час хто-небудзь з сённяшніх лаўрэатаў зноў вернецца на плошчу, і мы зможам убачыць яго імя ў гэтым зорным россыпе», – сказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Ён звярнуў увагу, што 2018 год абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы невыпадкова. Родныя мясціны для многіх з’яўляюцца сапраўднай крыніцай натхнення. «Упэўнены, менавіта такія людзі сёння ўдастоены заслужанай узнагароды. Спадзяюся, яна стане стартавай пляцоўкай для далейшага росту і развіцця на карысць роднай зямлі», – сказаў на заканчэнне Андрэй Кунцэвіч.

Намеснік старшыні аблвыканкама цёпла павіншаваў маладых людзей з дасягнутымі поспехамі і ўручыў ім дыпломы лаўрэатаў спецпрэміі. У ліку ўзнагароджаных – артыст Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Іван Трус, рэдактар аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм «Тэлерадыёкампаніі «Магілёў»» Крысціна Бендзянкова, фотакарэспандэнт раённай газеты «Кіравец» Максім Мікешын, другі сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Ганна Дашкевіч, урач акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі Мсціслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Аляксандрава, навучэнец сярэдняй школы №18 горада Магілёва Данііл Шаройкін, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па дзюдо Дзмітрый Мінькоў, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Круглянскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіна Іванькова.

Спецыяльная прэмія Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы заснавана ў 2003 годзе ў мэтах выяўлення і стымулявання творчай працы і падтрымкі інавацыйнай дзейнасці работнікаў і спецыялістаў аховы здароўя, адукацыі, культуры і мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама заахвочвання навучэнцаў і студэнтаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай дзейнасці. Яе лаўрэатамі ўжо сталі каля 800 маладых людзей Прыдняпроўскага краю. Узнагарода прысуджаецца на конкурснай аснове адзін раз на год, яе памер – 50 базавых велічынь (1 БВ складае Br24,5).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая