Рус Бел Eng 中文

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць на мясцовых выбарах вылучацца шляхам збору подпісаў

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць на мясцовых выбарах вылучацца шляхам збору подпісаў. Пра гэта яна паведаміла сёння ў эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, для вылучэння шляхам збору подпісаў неабходна падаць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, дзе пазначаны грамадзяне – ад трох да дзесяці чалавек. «Гэта самы просты спосаб. Больш за тое, калі мяне пытаюцца знаёмыя людзі, як ім вылучыцца (а яны кіраўнікі, могуць і ад працоўнага калектыву), я заўсёды рэкамендую гэты спосаб», – заўважыла старшыня ЦВК.

Яна звярнула ўвагу: каб вылучыцца ад працоўнага калектыву, неабходна прысутнасць на сходзе не менш за 50% працоўных плюс адзін чалавек. «А часта не ўсе людзі ўлічваюцца, хтосьці можа быць у дэкрэтным адпачынку, і дастаткова невялікай памылкі, каб потым сход прызналі неправамерным», – сказала Лідзія Ярмошына.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама нагадала, што пры вылучэнні ў абласны і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў неабходна сабраць не менш за 150 подпісаў, у раённы, гарадскі (горада абласнога падпарадкавання) Савет дэпутатаў – не менш за 75 подпісаў, у гарадскі (горада раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскі Савет дэпутатаў – не менш за 20. Пры гэтым у падпісным лісце павінны быць толькі подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат. Подпісы, сабраныя на тэрыторыі іншай акругі, улічвацца не будуць.

Збор подпісаў можа ажыццяўляцца толькі членамі ініцыятыўных груп, якія павінны абавязкова мець пры сабе пасведчанне, выдадзенае адпаведнай выбарчай камісіяй, і дакумент, які пацвярджае іх асобу. Выбаршчыкі ў падтрымку асоб, прапанаваных да вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, ставяць подпісы ў падпісных лістах, якія выраблены Цэнтрвыбаркамам ва ўстаноўленай форме.

Законам прадугледжаны і пэўныя патрабаванні да запаўнення падпісных лістоў. Перш за ўсё, у кожны падпісны ліст яшчэ да пачатку збору подпісаў павінны быць унесены без скарачэння звесткі аб асобах, якiя вылучаюцца кандыдатамі (прозвішча, імя, дата нараджэння, месца працы альбо занятак, займаемая пасада, месца жыхарства, партыйнасць). Збор подпісаў у лістах, у якіх гэтыя звесткі адсутнічаюць, не дапускаецца. Невыкананне гэтага патрабавання пацягне негатыўныя прававыя наступствы аж да адміністрацыйнай адказнасці.

Ставіць у падпісных лістах свае подпісы ў падтрымку асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета, маюць права грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў, а таксама грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі і якія маюць від на жыхарства.

Як паведамлялася, у Беларусі вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Дэпутатам мясцовага Савета можа быць абраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй у сілу прафесійнай дзейнасці. Таксама маюць права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца 18 лютага 2018 года.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая