Рус Бел Eng 中文

Свята збору летняга ўраджаю «Дзень агурка» пройдзе ў Шклове 11 жніўня

Свята збору летняга ўраджаю «Дзень агурка» пройдзе ў Шклове 11 жніўня. Жыхары райцэнтра будуць адзначаць яго ў дванаццаты раз, паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

Традыцыйна асноўным месцам правядзення свята стане гарадскі парк. Гулянне пачнецца ў 11.00 з адкрыцця і касцюмаванага «агурковага парада», які стартуе ад аўтастанцыі. Абавязковая частка мерапрыемства - тэатралізаваная праграма каля скульптурнай кампазіцыі «Жаніцьба Агурка».

З 11.30 да 19.00 адбудуцца канцэрты народнага хору Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, паэта песенніка з Мінска Андрэя Скарынкіна, творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў культуры Шклоўскага раёна.

Госці і ўдзельнікі свята ў гэты дзень змогуць пакаштаваць агуркі на любы густ: свежыя, салёныя, маласольныя, смажаныя-параныя, запечаныя ў пірагах, звараныя ў супчыку і экзатычным варэнні. Усе гэтыя далікатэсы будуць прапаноўваць на «агурковых падворках». Тут жа дадуць магчымасць набыць агурковыя сувеніры, паўдзельнічаць у майстар-класах па мастацкай разьбе на гародніне, засолцы агуркоў.

Запланаваны разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы: «Самы вялікі агурок», «Лепшая агурковая страва», «Лепшы агурковы касцюм», «Агурковы абжора», «Маласольныя танцы», паэтычнае спаборніцтва «Прысвячэнне агурку».

На спартыўных пляцоўках мясцовага стадыёна пройдуць футбольныя сустрэчы юніёраў, конкурс па жангляванню мячом, спаборніцтвы па стрытболе, пляжным валейболе і інш.

Не менш насычанай будзе вячэрняя праграма свята. З 20.00 да 21.30 гасцей чакае выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля «Праспект» з Круглага. Пасля гасцей парадуе вядомая беларуская артыстка Ларыса Грыбалёва. Завершаць гулянні фаер-шоу і дыскатэка з удзелам вядучых ды-джэяў краіны.

Шклоў па праве лічыцца агурковай сталіцай Сінявокай. Амаль усе жыхары займаюцца тут вырошчваннем гэтай гародніны. Адным з сімвалаў райцэнтра з'яўляецца помнік агурку, устноўлены насупраць гарадскога рынку ў 2007 годзе. Кампазіцыя магілёўскага скульптара Андрэя Вараб'ёва ўяўляе сабой вясёлага мужычка, у адной руцэ якога - кошык агуркоў, у другой - жоўтая кветка гэтай гародніны, а на галаве - шапачка ў выглядзе агурковага лісточка.

Фота – партал mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая